Латушка пра сустрэчу Сікорскага з Рыжанковым: «Нічога пра нас без нас»

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка пракаментаваў сустрэчу міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага з кіраўніком МЗС Беларусі Максімам Рыжанковым. На яго думку, гэта дае ўладам Беларусі «крэдыт» з пункту гледжання бяспекі, але лёс краіны не павінен вырашацца без удзелу беларусаў.

«Польшча сустрэчай з міністрам замежных спраў дыктатара Лукашэнкі цяпер дала велізарны крэдыт рэжыму. У першую і галоўную чаргу — крэдыт з пункту гледжання бяспекі: сваіх межаў, унутранай бяспекі (мы памятаем пра актыўны саўдзел рэжыму ў гібрыднай агрэсіі супраць ЕС і Польшчы), бяспекі польскай меншасці ў Беларусі. Мы чулі вялікую колькасць заяў і папярэджанняў з боку польскіх уладаў пра тое, што найбліжэйшыя месяцы могуць быць вельмі складанымі менавіта з пункту гледжання бяспекі», — заявіў палітык.

Паводле яго слоў, Мінск павінен выкарыстаць гэты «крэдыт» для істотнай змены сваёй палітыкі.

«Ці дастаткова суб’ектны рэжым, каб скарыстацца гэтым крэдытам, — пытанне адкрытае. Але думаю, што парушэнне гэтага крэдыту стане апошнім для рэжыму ў тым сэнсе, што на гэтым будзе пастаўленая кропка ў пытанні яго суб’ектнасці і самастойнасці. Ці распусціцца гэтая пралеска, цалкам залежыць менавіта ад гэтага фактару», — адзначыў ён.

Кіраўнік НАУ таксама выказаў надзею, што Сікорскі падчас сустрэчы ўзняў пытанні спынення рэпрэсій у Беларусі і пераследу беларусаў за мяжой, дэпартацыі ў Польшчу і «пашпартнага ўказа» Аляксандра Лукашэнкі.

«Рэжым Лукашэнкі на сёння не змяніў сваёй агрэсіўнай і рэпрэсіўнай палітыкі, ён і далей уяўляе пагрозу і для суседзяў, і для саміх беларусаў. Таму выдадзены яму крэдыт патрабуе ад рэжыму значнай змены гэтай палітыкі, здольнасць да чаго я б пакуль ацэньваў досыць крытычна», — падкрэсліў Латушка.

Ён таксама адзначыў ролю Расіі, заявіўшы, што за развіццём адносін паміж Варшавай і Мінскам «пільна назірае Крэмль», і нагадаў пра ваенныя пагадненні паміж Беларуссю і Расіяй.

«Для нас як для беларусаў найважнейшым застаецца лёс беларускага народа, які, хацелася б верыць, не будзе вырашацца за спінай беларусаў. Як кажуць нашы польскія сябры, «Нічога пра нас без нас», — заявіў Латушка.

Нагадаем, пра сустрэчу Сікорскага і Рыжанкова ў Нью-Ёрку паведамлялася сёння. Польскі міністр расказаў, што бакі абмеркавалі сітуацыю на мяжы і рэгіянальную бяспеку. Паводле слоў Сікорскага, ён таксама ўздымаў пытанне пра тое, каб Беларусь не дазваляла расійскім дронам і ракетам пралятаць над сваёй тэрыторыяй.

Сікорскі назваў сустрэчу першай азнаямляльнай. Ён таксама паведаміў, што Польшча неўзабаве адкрые новы будынак свайго пасольства ў Мінску. Паводле слоў міністра, Варшава гатовая паляпшаць адносіны з суседзямі, калі для гэтага з’яўляюцца ўмовы.

На пытанне пра магчымае прызнанне Аляксандра Лукашэнкі польскім урадам Сікорскі адказаў, што Польшча як дзяржава прызнае дзяржавы, а не ўрады.

«Гэта як пралеска, якая можа расквітнець, калі надвор’е будзе спрыяць», — сказаў ён, адказваючы на пытанне пра нармалізацыю адносін з Беларуссю.

У МЗС Беларусі пацвердзілі сустрэчу. Там заявілі, што Рыжанкоў і Сікорскі абмеркавалі стан беларуска-польскіх адносін, шляхі іх далейшага развіцця і сітуацыю ў рэгіёне.