Павел Латушко. Фото: t.me/CabinetBelarus
Павел Латушка пракаментаваў заяву арганізацыйнага камітэта партыі «Разам» пра няўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду. Рашэнне агучыў сёння Віктар Бабарыка.
Бабарыка заявіў, што прынцыпы фарміравання і ўзаемадзеяння ўсіх інстытуцыянальных органаў дэмакратычных сіл у эміграцыі павінны быць зменены. Ён таксама сказаў, што аргкамітэт партыі нібыта спрабаваў перанесці выбары ў КР на восень. Бабарыка ад імя «Разам» выказаў сумненне ў эфектыўнасці дзейнасці КР.
Латушка заявіў, што да гэтага не чуў пра прапановы перанесці выбары на восень.
«Як лідар найбуйнейшай фракцыі ў Каардынацыйнай радзе я ўпершыню чую пра тое, што хтосьці спрабаваў перанесці выбары ў КР на восень. Таму для мяне вельмі здзіўляльна гучыць заява аргкамітэта партыі «Разам» пра тое, што нібыта яны ініцыявалі перанос выбараў у Каардынацыйную раду», — заявіў Латушка.
Ён адзначыў, што для любой палітычнай партыі выбары з’яўляюцца самым дэмакратычным спосабам вызначыць узровень падтрымкі выбаршчыкаў.
«На мінулых выбарах у Каардынацыйную раду наша кааліцыя «Латушка і Рух “За Свабоду”» атрымала каля 2400 галасоў. І таму мы маем права сёння гаварыць ад імя беларусаў і беларусак, якія прагаласавалі за нас падчас выбараў. Я не ведаю, ад чыйго імя будуць гаварыць іншыя палітыкі, але, хутчэй, у іх будзе толькі магчымасць прадстаўляць сваю асабістую пазіцыю.
Тым больш дзіўнай выглядае сітуацыя, калі задэклараваная палітычная партыя, не зарэгістраваная і ніколі не ўдзельнічала ў выбарах, адмаўляецца ўдзельнічаць у выбарчым працэсе. З вопыту еўрапейскай дэмакратыі мы выдатна ведаем: тыя, хто не ўдзельнічае ў выбарах, як правіла, сыходзяць з палітычнай сцэны.
Скажу адкрыта — для мяне як палітыка дзіўна сёння заклікаць тых, хто хоча ўдзельнічаць у палітычным жыцці Беларусі, прыняць удзел у выбарах. Я ніколі не мог сабе ўявіць, што менавіта гэта будзе адной з праблем пры пабудове дэмакратыі ў нашай краіне», — адзначыў Латушка.
Павел Латушка заклікаў грамадзян Беларусі прыняць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду.
«Прыміце ўдзел у выбарах 11-17 мая 2026 года і зрабіце свой выбар за тых, хто гатовы працягваць змагацца, працаваць і дабівацца вынікаў», — заявіў Латушка.
Нагадаем, на 30 сакавіка дакументы для ўдзелу ў выбарах у КР падалі шэсць выбарчых суб’ектаў: «Еўрапейскі выбар», «Закон і парадак», «Кааліцыя Латушкі і Рух «За Свабоду», Блок беларускіх палітычных зняволеных «Беларус дзеяння», «Хопіць баяцца!», Аб’яднаная грамадзянская платформа.