Латушка абмеркаваў сумесныя культурныя праекты з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Беластоку

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка правёў у Беластоку шэраг сустрэч з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, на якіх абмяркоўваліся сумесныя культурныя і грамадскія праекты.

У Цэнтры беларускай культуры палітык сустрэўся з яго дырэктарам Анатолем Вапам і старшынём Беларускага гістарычнага таварыства прафесарам Алегам Латышонкам. Бакі разгледзелі ініцыятывы, якія рэалізуюцца сумесна Цэнтрам, Музеем Вольнай Беларусі і НАУ. Сярод іх — прэзентацыя выдання «Руіны Беларусі» з архіўнымі фотаздымкамі помнікаў гісторыі і культуры, падрыхтоўка кнігі пра беларусаў, пераселеных з Польшчы ў БССР у 1944–1948 гадах, прэзентацыя ўспамінаў Ларысы Геніюш «Птушкі без гнёздаў», мерапрыемствы да гадавіны Грунвальдскай бітвы, а таксама выстава з фондаў Музея Вольнай Беларусі пра палітвязняў і рэпрэсіі ў краіне.

Асобная сустрэча адбылася са старшынём Беларускага саюза ў Польшчы Яўгенам Вапам. Абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння з беларускім меншасцю Беласточчыны і падрыхтоўка да святкавання 70-годдзя штотыднёвіка “Ніва”. Беларускі саюз у Польшчы з’яўляецца заснавальнікам “Радыё Рацыя” і выдаўцом «Нівы».

Удзельнікі сустрэч падкрэслілі важнасць аб’яднання намаганняў беларускай меншасці і дыяспары пры арганізацыі сумесных культурных мерапрыемстваў.

“Гэта будзе спрыяць больш цеснаму ўзаемнаму пазнанню, супрацоўніцтву і большай увазе да беларускай тэматыкі ў Польшчы”, — адзначыў Павел Латушка.

Таксама палітык наведаў рэдакцыю выдання Most, павіншаваў калектыў з чатырохгоддзем і абмеркаваў пытанні садзейнічання працы медыя ў Польшчы, арыентаванага перш за ўсё на беларускую дыяспару і жыхароў беларуска-польскага памежжа.

Фота: t.me/latushka
Фота: t.me/latushka
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!