Кучынскі расказаў пра ліст Ціханоўскай Ругінене

У мінулым годзе пасля рашэння літоўскага ўрада панізіць узровень аховы Святланы Ціханоўскай яна накіравала ліст прэм’ер-міністру Літвы Інзе Ругінене, аднак адказу не было. Пра гэта расказаў у праграме партала Lrytas «Расшыфраваць сутнасць з Довідасам Панцэровасам» дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

«Мы ўдзячныя за такую падтрымку, за тое, што нас ахоўвае крымінальная паліцыя, сочыць за тым, каб мы маглі працаваць у Вільнюсе (…), але да канца мінулага года мы шукалі кампраміс — як можна дзейнічаць, калі мы цалкам застаёмся ў Вільнюсе. Мы шукалі гэты кампраміс, Ціханоўская напісала ліст прэм’ер-міністру, але адказу мы не атрымалі», — прыводзіць яго словы LRT.

Паводле яго слоў, таксама была спроба арганізаваць сустрэчу, але яна не адбылася. Разам з тым Кучынскі адзначыў падтрымку з боку МЗС Літвы і адміністрацыі прэзідэнта.

«Мы спрабавалі сустрэцца, але яксьці не склалася… З іншага боку, з Міністэрствам замежных спраў і адміністрацыяй прэзідэнта ў нас было шмат сустрэч, шмат размоў, мы шукалі, што можна зрабіць. З гэтага боку можам сказаць, што МЗС зрабіў усё, што мог — у нас ёсць статус, дыпламатычная падтрымка (…). І з боку прэзідэнтуры таксама», — падкрэсліў ён.

Нагадаем, пасля навін пра зніжэнне ўзроўню аховы Ціханоўскай у Літве стала абмяркоўвацца яе пытанне пра пераезд у Польшчу. Рашэнне ўрада аб перадачы аховы ад службы, якая забяспечвае бяспеку вышэйшых службовых асоб, паліцыі асуджалася прадстаўнікамі апазіцыйных літоўскіх партый. У выніку Офіс Ціханоўскай у гэтым годзе афіцыйна абвясціў пра пашырэнне сваёй працы ў Варшаве. Святлана Ціханоўская цяпер знаходзіцца ў Польшчы. Аднак частка офіса працягвае працу ў Вільнюсе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!