Коўл прапануе змякчыць санкцыі супраць РФ у абмен на вызваленне расійскіх палітвязняў — The Atlantic

Спецпасланнік Дональда Трампа ў Беларусі Джон Коўл прапануе прымяніць «беларускую схему» да Расіі і змякчыць санкцыі ЗША ў дачыненні да РФ у абмен на вызваленне расійскіх палітвязняў, піша журналіст Сайман Шустэр для амерыканскага выдання The Atlantic.

«Вызваленне расійскіх палітвязняў магло б даць ЗША падставу аслабіць санкцыі, стварыўшы прастору для фінансавых транзакцый, якія Трамп хацеў бы ажыццяўляць з расіянамі. На думку Коўла, такія здзелкі маглі б дапамагчы наблізіць вайну ва Украіне да спынення агню за кошт паслаблення напружанасці паміж Расіяй і Захадам. «Эканамічныя сувязі звычайна прыводзяць да нармалізацыі», — сказаў ён мне», — піша Шустэр.

Як паведамляе выданне, ідэя ўзнікла пасля сустрэчы Коўла з расійскім журналістам-дысідэнтам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Дзмітрыем Муратавым вясной гэтага года. Муратаў сачыў за дзейнасцю Коўла ў Беларусі і прапанаваў яму паспрыяць вызваленню расіян.

«У маі Муратаў прывёз медальён у Вашынгтон і ўручыў яго Коўлу ў знак захаплення яго намаганнямі ў Беларусі. За талеркай сушы ў Ned’s Club, закрытым клубе, папулярным сярод палітычнай эліты, ён расказаў пасланніку Трампа пра гісторыю вызвалення зняволеных у часы Халоднай вайны і пра надзённую неабходнасць адрадзіць гэтую практыку паміж ЗША і Расіяй. Муратаў прывёз фатаграфіі некалькіх дысідэнтаў, якіх Расія пазбавіла волі за іх апазіцыю вайне, і расказаў Коўлу іх гісторыі», — піша Шустэр.

Як расказаў Коўл журналісту, неўзабаве пасля сустрэчы ён узняў гэтую тэму ў размове з Трампам, і той даў сваю згоду паспрабаваць.

Паводле інфармацыі выдання, Коўл плануе каардынаваць свае намаганні са Стывам Уіткафам, кантактнай асобай Трампа для зносін з расійскім бокам. Коўл ужо склаў спіс амерыканскіх грамадзян, якія знаходзяцца ў расійскіх турмах. Асобны спіс, падрыхтаваны пры дапамозе Муратава, будзе ўключаць дысідэнтаў, журналістаў і іншых асоб, зняволеных за антываенную пазіцыю.

Паводле слоў Коўла, бізнес-перамовы маглі б ісці паралельна з перамовамі аб вызваленні палітвязняў. Ён прывёў у прыклад здзелку па каліі з Беларуссю, якая рыхтуецца, у абмен на вызваленне беларускіх палітвязняў.

Коўл растлумачыў, што ў здзелцы паміж ЗША і Беларуссю таксама ўдзельнічае Расія, бо з-за санкцый ЕС транзіт калію цяпер магчымы толькі праз тэрыторыю РФ.

«Калі Захад купляе калій, ім даводзіцца мець справу з расіянамі і беларусамі. І вось вы сядзіце за сталом і гандлюецеся наконт цаны або шукаеце маршруты для яго вывазу. Калі людзі размаўляюць, гэта добра. Нават калі яны гавораць пра калій, гэта можа прывесці да таго, што краіны, як я кажу, вернуцца ў сям’ю народаў разам з астатнім светам», — лічыць Коўл.

Коўл заяўляе, што яго стратэгія па Расіі не азначае адмовы ад Украіны, а накіраваная на ўмацаванне сувязей паміж ЗША і Расіяй, каб заахвоціць Пуціна спыніць вайну ў межах больш шырокага парадку дня бізнесу і гандлю з Захадам.

У гэтым кантэксце Коўл працытаваў параду, якую летась даў яму Лукашэнка для перамоў з Расіяй.

«У імя міру, магчыма, трэба быць крыху хітрэйшым і пайсці на некаторыя саступкі. Нават калі вы не можаце зразумець Пуціна, стаўцеся да яго як да чалавека», — працытаваў Коўл параду Лукашэнкі.

Паводле інфармацыі выдання, ініцыятыва пакуль знаходзіцца на ранняй стадыі. У выпадку поспеху ЗША маглі б заключыць з Расіяй здзелкі, звязаныя з расійскай нафтай, дызельным палівам, рэдказямельнымі мінераламі і іншымі сыравіннымі таварамі, а вызваленне палітвязняў магло б узмацніць аргументы Трампа на карысць прысуджэння яму Нобелеўскай прэміі міру.

Нагадаем, 28 верасня Трамп прапанаваў кандыдатуру Коўла на пасаду спецпасланніка па справах закладнікаў.