Кліп Ягора Крыда правераць на адмаўленне генацыду беларускага народа

Генпракуратура Беларусі папрасіла Следчы камітэт праверыць кліп “Мілы ўблюдак” расійскага спевака Ягора Крыда на наяўнасць прыкмет злачынстваў.

Нагодай стаў лонгсліў артыста са стылізаванай выявай галоўнага героя фільма Элема Клімава «Ідзі і глядзі». Дызайнеры выкарысталі постар фільма, дадаўшы да партрэта героя татуіроўкі, пірсінг і надпіс «Маркіроўка дыстанцыі».

“Дэманстрацыя кліпа выклікала шырокі грамадскі рэзананс і атрымала негатыўную ацэнку ў розных сацыяльных сетках і месенджарах. Генеральная пракуратура прапанавала Следчаму камітэту даследаваць выкладзеныя абставіны на наяўнасць прыкмет распальвання сацыяльнай варожасці або розні, рэабілітацыі нацызму, адмаўлення генацыду беларускага народа, а таксама іншых злачынстваў”, – заявілі ў Генпракуратуры.

Сам Крыд папрасіў прабачэння за лонгсліў. Ён заявіў, што не глядзеў фільм «Ідзі і глядзі» і не чуў пра яго, таму не ведаў, што выява на адзенні заснаваная на яго постары. Паводле слоў спевака, для яго гэта была «проста дызайнерская рэч, якая вісела на паліцы ў свабодным продажы» і ён не ўкладваў у свой вобраз «ніякага палітычнага або гістарычнага пасылу».

«Памяць пра Вялікую Айчынную вайну і трагедыю, якую перажылі людзі, для мяне святая. Гэта наша агульная гісторыя, да якой я заўсёды буду ставіцца з павагай», – заявіў музыкант.

Пасля скандалу выяву ў афіцыйным кліпе Крыда заблюрылі, а сам лонгсліў прыбралі з продажу ў інтэрнэт-краме.

Скрыншот відэа