Кіраўнік паліцыі Эстоніі папярэдзіў пра рост міграцыйнага ціску праз Беларусь перад маразамі

У найбліжэйшыя тыдні міграцыйны ціск можа значна ўзрасці: людзі, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, будуць спрабаваць трапіць у Еўропу да наступлення маразоў. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар Дэпартамента паліцыі і памежнай аховы Эстоніі Эгерт Белічаў у праграме «Першая студыя» 8 кастрычніка, перадае ERR.

Паводле яго слоў, Расія выкарыстоўвае Беларусь для ціску на Еўропу. Белічаў сцвярджае, што расійскія ўлады свядома спрасцілі ўмовы ўезду для грамадзян шэрагу краін і павялічылі частату авіярэйсаў.

Так, паводле слоў Белічава, самалёты з Эфіопіі ў Маскву лётаюць шэсць разоў на тыдзень, а гэтыя людзі могуць уязджаць у Расію без віз. Іх асноўнае жаданне — трапіць у Еўропу.

Далей мігранты едуць аўтобусамі ў Беларусь, улады якой, паводле яго ацэнкі, не перашкаджаюць гэтаму, а садзейнічаюць.

«Гэта залежнасць або адчуванне, што, дзейнічаючы разам з гаспадаром, можна стаць багатым і паспяховым? Гэта шлях, які выбрала Беларусь», — сказаў ён.

Белічаў заявіў, што маршруты ў Еўропу праз Беларусь арганізуюць злачынныя супольнасці. Паводле яго даных, адзін чалавек плаціць за такі шлях у сярэднім ад 5 да 10 тысяч еўра.

«Гэта не адбываецца так, што ён купляе білет у Маскву, а ўсё астатняе робіць самастойна», — патлумачыў кіраўнік ведамства.

Паводле сцвярджэння Белічава, на гэтай дзейнасці шмат зарабляюць як у Беларусі, так і ў Расіі. Ён таксама заявіў пра прыкметы таго, што даходы ад яе атрымліваюць прадстаўнікі ўладаў абедзвюх краін.

Эстонская паліцыя робіць стаўку на затрыманне перавозчыкаў, заключэнне іх пад варту і хуткі судовы разгляд. Па магчымасці на злачынныя даходы накладаюць арышт. У якасці прыкладу Белічаў прывёў прысуд, вынесены ў сярэдзіне верасня: адзін з затрыманых атрымаў сем месяцаў пазбаўлення волі і забарону на ўезд у Шэнгенскую зону на шэсць гадоў.

Кіраўнік ведамства адзначыў, што паліцыя пакуль спраўляецца з нагрузкай, аднак міграцыя стварае цяжкасці і для іншых устаноў. Паводле яго слоў, некаторыя прыбылыя заяўляюць, што з’яўляюцца непаўналетнімі, спрабуючы скарыстацца еўрапейскай сістэмай іх абароны. У такіх выпадках мясцовыя ўлады павінны забяспечыць апеку. Павышаную нагрузку адчуваюць і адміністрацыйныя суды.

Узімку Белічаў чакае некаторага зніжэння міграцыйнага ціску, як гэта адбывалася раней: мала хто гатовы хавацца ў беларускіх лясах пры дзесяці градусах марозу. Аднак да наступлення халадоў колькасць спроб трапіць у Еўропу, паводле яго прагнозу, можа істотна павялічыцца.

Раней паведамлялася, што Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы Эстоніі вырашыў узмацніць кантроль на мяжы з Латвіяй. Прычына — другасная міграцыя.