Фото: КГК
Камітэт дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці праверыў наяўнасць і якасць прадукцыі стабфондаў у крамах.
«Маніторынгі паказалі, што ў большасці гандлёвых аб’ектаў забяспечаная рэалізацыя агародніннай прадукцыі стабілізацыйных фондаў. Разам з тым у 16 крамах устаноўлены парушэнні правілаў гандлю, санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, стандартызацыі. Асноўная частка парушэнняў звязаная з рэалізацыяй няякаснай плодаагародніннай прадукцыі», — падзяліліся вынікамі ў КДК.
Так, у Смілавічах кантралёры знайшлі бульбу «са шматлікімі пашкоджаннямі», а ў Беразіне — сапсаваныя яблыкі. У дзвюх крамах у Смалявічах і Вілейцы прадавалі толькі мытую моркву.
«Морква сталовая была вынесеная ў гандлёвыя залы толькі пасля таго, як на гэтыя парушэнні звярнулі ўвагу дзяржкантралёры», — гаворыцца ў паведамленні.
Суб’ектам гаспадарання былі накіраваныя рэкамендацыі аб ліквідацыі парушэнняў. Таксама ў КДК папярэдзілі, што пры паўторных парушэннях будзе разгледжанае пытанне прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.
У адпаведнасці з артыкулам 13.12-1 КаАП адсутнасць у рэалізацыі плодаагародніннай прадукцыі са стабілізацыйных фондаў у нарыхтоўшчыка ў гандлёвым аб’екце ў міжсезонны перыяд цягне накладанне штрафу ў памеры ад пяці да дванаццаці базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад дваццаці да двухсот базавых велічынь.