Кавалеўскі на мерапрыемстве ў ААН заклікаў перагледзець стратэгію ізаляцыі Беларусі

Заснавальнік і выканаўчы дырэктар Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва, былы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па замежных справах Валерый Кавалеўскі выступіў на мерапрыемстве «Беларусь: саўдзельніца вайны Расіі супраць Украіны і пагроза міжнароднай бяспецы». Яно было арганізавана Латвіяй і ЕС пры садзейнічанні Офіса Ціханоўскай на палях тыдня высокага ўзроўню 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

У сваім выступленні Кавалеўскі раскрытыкаваў вынікі палітыкі ізаляцыі Беларусі, якую праводзіць Еўрасаюз, і заклікаў шукаць спосабы аддаліць краіну ад вайны.

Мерапрыемства адбылося 21 верасня. Як паведаміў Кавалеўскі, у ім удзельнічалі міністры, намеснікі міністраў і палітычныя дырэктары знешнепалітычных ведамстваў шэрагу краін. На сустрэчы таксама выступіла Святлана Ціханоўская.

Паводле ацэнкі Кавалеўскага, выступленні ўдзельнікаў былі блізкія па танальнасці і змесце. Іх агульная пазіцыя заключалася ў тым, што Беларусь уяўляе пагрозу, таму санкцыі і міжнародная ізаляцыя павінны працягвацца, а беларускія дэмакратычныя сілы неабходна і далей падтрымліваць.

Уласны выступ Кавалеўскі ахарактарызаваў як «выступ нязгоды» — dissenting report. Паводле яго слоў, на фоне агульнай аднадушнасці ён апынуўся ў «эксклюзіўнай меншасці».

Кавалеўскі заявіў, што, нягледзячы на супадзенне меркаванняў удзельнікаў мерапрыемства, вынікі шасцігадовай стратэгіі Бруселя ў дачыненні да Беларусі выклікаюць занепакоенасць у многіх сталіцах краін ЕС.

«Сітуацыя ў Беларусі значна горшая, чым у 2020 годзе, калі было імкненне яе палепшыць, і цяпер рух працягваецца ў тым жа няправільным кірунку — да пагаршэння. Адмова ад узаемадзеяння, ізаляцыя працуюць супраць нашага ўласнага дома», — сказаў ён.

Кавалеўскі падкрэсліў, што не хоча разбурэння Беларусі дзеля доказу правільнасці пазіцыі, занятай пасля падзей 2020 года. На яго думку, на працягу апошніх шасці гадоў Мінск, Брусель і беларускія дэмакратычныя сілы накіроўвалі асноўныя намаганні на супрацьстаянне, тады як вырашэнню канфліктных пытанняў надавалася значна менш увагі.

«Беларусь — гэта мой дом. Я не хачу яго разбурыць толькі дзеля таго, каб даказаць, што я меў рацыю шэсць гадоў таму. Так, мы мелі рацыю. Аднак на працягу шасці гадоў усе бакі інвеставалі ў асноўным у гэтае супрацьстаянне — Мінск, Брусель, дэмакратычныя сілы. Зусім мала ўкладвалася ў вырашэнне канфліктных пытанняў», — заявіў ён.

Скарачэнне еўрапейскай прысутнасці ў Беларусі, лічыць Кавалеўскі, стварыла дадатковую прастору для Расіі, Кітая і Ірана. Гэтыя краіны, паводле яго слоў, не зацікаўленыя ў абароне правоў чалавека і дэмакратыі, а таксама ў захаванні беларускага суверэнітэту і незалежнасці.

«Яны выкарыстоўваюць Беларусь і ператвараюць яе ў зброю супраць нашых найбліжэйшых суседзяў», — адзначыў ён.

Кавалеўскі таксама заклікаў ацэньваць цяперашнюю палітыку ізаляцыі Мінска з пункту гледжання яе ўплыву на перспектывы ўстойлівага міру ва Украіне. На яго думку, Беларусь у яе цяперашнім стане не з’яўляецца надзейным варыянтам на будучыню.

«З такой Беларуссю пад пагрозай будуць усе: Украіна, нашы еўрапейскія суседзі і ў першую чаргу суверэнітэт Беларусі», — падкрэсліў ён.

Замест далейшага ўзмацнення канфрантацыі Кавалеўскі прапанаваў шукаць магчымасці сумеснымі намаганнямі «адцягнуць Беларусь ад вайны». У якасці станоўчых прыкладаў ён назваў гуманітарную дыпламатыю, якая, паводле яго слоў, дазволіла вызваліць больш за 500 чалавек, а таксама правядзенне на тэрыторыі Беларусі гуманітарных абменаў паміж Украінай і Расіяй.

«Падобныя дзеянні ствараюць прастору для новых магчымасцей. Гэта таксама істотны ўклад у інтарэсы Украіны, для якой вяртанне сваіх людзей — прыярытэт», — заявіў Кавалеўскі.

Ён таксама заклікаў асцярожней выбіраць фармулёўкі пры абмеркаванні міжнароднага міру і бяспекі. На яго думку, неабходна пазбягаць эскалацыі нават на ўзроўні рыторыкі, паколькі яна можа прывесці да пашырэння геаграфіі вайны.

У якасці прыкладу Кавалеўскі прывёў рост напружанасці ў публічных заявах Кіева і Мінска ў першай палове года. Ён адзначыў, што пасля гэтая тэндэнцыя спынілася, аднак заклікаў беларускіх палітыкаў пазбягаць дзеянняў і выказванняў, здольных наблізіць вайну.

«Нам варта быць асцярожнымі, каб не прыцягнуць у Беларусь бяду. Усім беларускім палітыкам варта пазбягаць крокаў і рыторыкі, якія могуць прынесці вайну ў нашы дамы», — заключыў ён.

***

Кавалеўскі працаваў у МЗС Беларусі, у тым ліку ў беларускім пасольстве ў Вашынгтоне. Да далучэння да каманды Святланы Ціханоўскай ён працаваў у Сусветным банку. У 2020–2022 гадах Кавалеўскі адказваў за міжнародныя адносіны ў Офісе Ціханоўскай, а са жніўня 2022 года займаў пасады намесніка кіраўніка і прадстаўніка па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета.

У чэрвені 2024 года ён сышоў у адстаўку, спаслаўшыся, у прыватнасці, на рознагалоссі па стратэгічных падыходах і тактычных пытаннях. Пазней Кавалеўскі стварыў Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва, якое базуецца ў Варшаве.