Фото: Офис Тихановской
Святлана Ціханоўская лічыць, што неабходна вярнуць Беларусь у парадак дня ААН і распрацаваць моцную рэзалюцыю, якая закране палітвязняў, транснацыянальныя рэпрэсіі і ролю Лукашэнкі ў расійскай вайне супраць Украіны. Пра гэта яна заявіла на спецыяльным мерапрыемстве, якое было арганізавана Латвіяй і ЕС пры садзейнічанні Офіса Ціханоўскай на палях 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
Святлана Ціханоўская акрэсліла канкрэтныя крокі, якія могуць зрабіць краіны — удзельніцы сайд-івента. На ім прысутнічалі прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, Савета Еўропы, Украіны, Літвы, Чэхіі, Ірландыі, Эстоніі, Швецыі, кіраўніцтва Freedom House.
«У мяне ёсць пяць канкрэтных просьбаў:
Вярніце Беларусь у парадак дня ААН. Пачніце працу над моцнай рэзалюцыяй па Беларусі ў Трэцім камітэце і Генеральнай Асамблеі, якая закране пытанні палітвязняў, транснацыянальных рэпрэсій і ролі рэжыму ў вайне Расіі.
Арганізуйце сустрэчу па формуле Арыі па Беларусі з удзелам нашых экспертаў, былых палітвязняў і праваабаронцаў.
Вынесіце транснацыянальныя рэпрэсіі ў міжнародны парадак дня. Правядзіце ў Нью-Ёрку або Жэневе сустрэчу з удзелам прадстаўнікоў урадаў, экспертаў ААН, INTERPOL, грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл.
Знайдзіце рашэнне праблемы дакументаў. Тысячы беларусаў не могуць бяспечна абнавіць свае пашпарты. Нам патрэбнае міжнародна прызнанае рашэнне для гэтых людзей.
Абараняйце механізмы ААН па Беларусі. Падтрымлівайце і забяспечвайце фінансаванне Спецыяльнага дакладчыка і Групы незалежных экспертаў.
І яшчэ адна просьба на гэты тыдзень: калі вашыя лідары будуць выступаць на Генеральнай Асамблеі, згадайце Беларусь.
І самая апошняя просьба: дайце Украіне ўсё неабходнае, каб яна магла абараніць сябе і перамагчы. Таму што сёння Украіна змагаецца за ўсіх нас», — заявіла Ціханоўская.
У цэнтры дыскусіі на мерапрыемстве была сітуацыя ў Беларусі, якая не застаецца ўнутранай справай краіны. Абмяркоўваліся ўнутраныя і транснацыянальныя рэпрэсіі, залежнасць ад Расіі, гібрыдныя дзеянні з боку Мінска супраць суседзяў Беларусі, удзел рэжыму ў расійскай агрэсіі.
Ціханоўская таксама падкрэсліла сувязь паміж будучыняй Беларусі і вынікам вайны ва Украіне. Яна адзначыла, што беларусы падтрымліваюць Украіну, у тым ліку тыя, хто ваюе на яе баку, і тыя, хто быў асуджаны ўнутры Беларусі за падтрымку Украіны.
«Па-першае, захоўвайце ціск пакуль мы не ўбачым сістэмных зменаў. Накіроўвайце санкцыі супраць тых, хто адказны за рэпрэсіі, і кампаній, якія падтрымліваюць вайну Расіі.
Па-другое, мы мусім дамагацца поўнай палітычнай амністыі. Вызваліць усіх. Спыніць арышты. Закрыць абсурдныя справы. Людзі павінны мець права бяспечна жыць дома ці вяртацца ў Беларусь без страху. І я заклікаю вас павялічыць унёскі ў Міжнародны гуманітарны фонд, каб дапамога была гатовая да наступных вызваленняў.
Па-трэцяе, падтрымлівайце прыцягненне да адказнасці. Падтрымлівайце расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда і Міжнародную платформу па прыцягненні вінаватых да адказнасці за Беларусь. Дамагайцеся, каб роля рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей была расследаваная.
Па-чацвёртае, ізалюйце рэжым, а не беларусаў. Захоўвайце візы, стыпендыі і праграмы мабільнасці, працягвайце падтрымку незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці. Дапамагайце беларусам без сапраўдных пашпартоў. Уключайце дэмакратычную Беларусь у міжнародныя фарматы.
Па-пятае, Беларусі пасля Лукашэнкі. Ужо цяпер працуйце з беларускімі дэмакратычнымі сіламі над пераходным перыядам, эканамічнай стабілізацыяй, прадухіленнем расійскага ўмяшання і правядзеннем свабодных выбараў. І дайце беларусам ясную еўрапейскую перспектыву», — звярнулася Ціханоўская да ўдзельнікаў мерапрыемства.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга падчас мерапрыемства таксама заклікаў не зніжаць ціск на Лукашэнку, а толькі ўзмацняць яго.