Каткавец далажыла Лукашэнку аб абстаноўцы ў Магілёўскай вобласці

Сёння, 23 верасня, Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам свайго памочніка — інспектара па Магілёўскай вобласці Надзею Каткавец. Яна далажыла аб выкананні даручэнняў па выніках рабочай паездкі Лукашэнкі ў Шклоўскі раён 18 верасня.

Першая тэма даклада датычылася ўдасканалення тэхналагічнай і арганізацыйнай кіравальнасці буйных гаспадарак, умацавання дысцыпліны, ліквідацыі наяўных недахопаў на прыкладзе гаспадарак «Гавяды-агра» і «Александрыйскае».

«Гаворка таксама ішла пра кадравае забеспячэнне, аптымізацыю выдаткаў на ўсіх этапах і кантроль за вынікамі працы на месцах. Для дапамогі ў вырашэнні пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач прыцягнутыя таксама работнікі прамысловых прадпрыемстваў Магілёва», — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Каткавец далажыла аб ходзе ўборачнай і асенніх палявых работ у вобласці. Памочнік прэзідэнта асабліва адзначыла эканамічную эфектыўнасць азімага рапсу, які пасеялі звыш плана.

Паводле слоў Каткавец, азімыя ў вобласці пасеяныя на 46% плошчаў, а аграрыі забяспечаныя ўсім неабходным, уключаючы мінеральныя ўгнаенні, каб завяршыць азімую сяўбу ў аптымальныя тэрміны.

Яшчэ адна тэма даклада датычылася даручэння Лукашэнкі па павелічэнні вытворчасці бульбы. Каткавец запэўніла, што для выканання задачы ёсць добрыя беларускія гатункі бульбы і адпрацаваныя тэхналогіі вырошчвання і захоўвання. У найбліжэйшы час у планах знайсці дадатковыя рынкі збыту бульбы.