Дрэнна пацерабілі лён. Лукашэнка патрабуе больш саджаць бульбы

Аляксандр Лукашэнка сёння адправіўся з паездкай у Шклоўскі раён, дзе зладзіў чыноўнікам прачуханку за дрэнна пацераблены лён-даўгунец і запатрабаваў саджаць больш бульбы.

Першы эпізод адбыўся неўзабаве пасля пасадкі яго верталёта, які прызямліўся на полі гаспадаркі “Гавяды-Агра”, дзе вырошчвалі лён.

“Вы хацелі паказаць, як не трэба працаваць? За гэта трэба ў турму саджаць. Гэта такое церабленне лёну? Агідна. Я ад цябе гэтага не чакаў”, — сказаў ён, звяртаючыся да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі.

“А вам я б параіў перастаць займацца тэорыяй, а заняцца канкрэтнымі справамі. Гэта жах, кашмар. Будзем разбірацца. Такога быць не павінна. Лён — вы яго ўбралі тут? Вы яго загубілі тут”, — дасталося ўжо міністру сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыю Горлаву і памочніцы Лукашэнкі Надзеі Каткавец.

“Гэта сведчыць пра тое, што вы топчацеся там, дзе часцей бывае прэзідэнт і дзе бліжэй да дарогі. А ў мядзведжыя куты вы не заязджаеце. Калі вы рызыкнулі прэзідэнта пасадзіць на гэтае поле, то астатнія ў вас увогуле ў жахлівым стане”, — заключыў Лукашэнка.

Яму паказалі ферму “Гавяды-Агра” і расказалі пра сітуацыю. Лукашэнка прыгразіў, што яшчэ паездзіць па “мядзведжых кутах”.

“Пераводзьце вобласць на ваеннае становішча і пачынайце працаваць. Інакш размова ў нас будзе апошняя”, — папярэдзіў ён.

Пасля гэтага Лукашэнку перавезлі ў фермерскую гаспадарку “Дыяна”, якой кіруе яго даўні знаёмы. Тут быў прадстаўлены даклад пра ўборку бульбы і сарты беларускай селекцыі. Лукашэнка запатрабаваў павялічыць пасадкі бульбы.

“Мы павінны больш вырошчваць бульбы ў Беларусі. Цікавасць да нашай бульбы ёсць і ў Расіі, і ва Узбекістане. Ураду пастаўлена задача — знайсці рынкі збыту, вызначыцца, дзе вырошчваць бульбу. Тым больш насення хапае”, — сказаў ён.

“Што за бульбашы, якія бульбу не вырошчваюць?” — абурыўся Лукашэнка.