Касцёл гарыць у аграгарадку Сапоцкіна пад Гродна

(Абноўлена) Касцёл Унебаўшэсця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Язафата Кунцэвіча гарыць у аграгарадку Сапоцкіна Гродзенскага раёна, піша Newgrodno.by. Паводле паведамленняў відавочцаў, узгаранне пачалося каля 7 гадзін раніцы 14 снежня.

На месца прыбылі некалькі пажарных разлікаў. Ратавальнікі працуюць на месцы здарэння, лакалізуючы агонь і прадухіляючы яго распаўсюджванне. Інфармацыя пра прычыны і маштабы здарэння ўдакладняецца.

Дапоўнена:

Па прыбыцці падраздзяленняў МНС дах будынка быў ахоплены полымем. Паводле папярэдняй інфармацыі ведамства, людзей на момант здарэння ў касцёле не было. Узгаранне лакалізавана. На месцы працягваюць працаваць 16 адзінак тэхнікі МНС, 47 чалавек асабовага складу.

Касцёл Унебаўшэсця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Язафата Кунцэвіча — рымска-каталіцкі храм, пабудаваны ў 1935—1939 гадах з цэглы. Помнік эклектычнай архітэктуры са стылізаванымі элементамі готыкі, барока і класіцызму.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!