Фото: VSAT
Кантрабандысты цыгарэт на мяжы з Літвой звяртаюцца не толькі да прыёмаў паветранай кантрабанды, выкарыстоўваючы метэазонды і беспілотнікі, але і не грэбуюць больш простымі спосабамі.
Як паведамілі ў літоўскай Службе аховы дзяржаўнай мяжы, у чацвер увечары памежнікі Варэнскага раёна заўважылі, як звязкі тавару пералятаюць праз плот, усталяваны на мяжы з Беларуссю.
Да населенага пункта Пяшчай былі накіраваныя некалькі нарадаў, а таксама кінолаг са службовым сабакам. Прыкладна за 60 метраў ад дзяржаўнай мяжы былі знойдзеныя дзевяць скрынак з цыгарэтамі. Крыху пазней непадалёк быў затрыманы 24-гадовы мужчына, які раней ужо трапляўся памежнікам.
Усяго ў скрынках былі 1260 пачак цыгарэт Minsk 5 Superslims і NZ Gold з беларускімі маркамі. Агульны кошт партыі складае каля 7 тыс. еўра.
Гэта не адзіны поспех літоўскіх памежнікаў. У аўторак яны правялі ператрус у Радвішкісе. Тут на прыватным падворку быў знойдзены фургон, у якім знаходзіліся 133 скрынкі з цыгарэтамі — усяго 66,3 тыс. пачак на суму больш за 350 тыс. еўра.
Уладальнік дома паспрабаваў забарыкадавацца ў доме, але ў выніку здаўся. Яшчэ адзін фігурант схаваўся, але неўзабаве быў затрыманы на АЗС непадалёк. Мужчыны змешчаныя пад арышт. Узбуджаная крымінальная справа. Устанаўліваецца месцазнаходжанне іншых фігурантаў, якім усё ж удалося схавацца.