Autorstwa Kobzarius, CC BY 3.0,
У Польшчы спыненая дзейнасць групы, якая займалася кантрабандай у Беларусь падсанкцыйных тавараў. Як паведамілі ў пракуратуры Любліна, яна дзейнічала з чэрвеня 2025 года па красавік 2026 года, выкарыстоўваючы памежны пераход Кукурыкі-Казловічы.
У Беларусь вывозіліся падсанкцыйныя тавары, напрыклад, запчасткі і прадукцыя машынабудавання. Перавозчыкі мелі два камплекты дакументаў. На польскай мяжы яны прад’яўлялі дакументы на вываз прадуктаў харчавання, у тым ліку прысмакаў, кавы і піва. На беларускім баку прад’яўляліся дакументы на тавары, якія сапраўды перавозіліся праз мяжу.
Усяго затрымана шэсць чалавек. Ім прад’яўлены шэраг абвінавачанняў, уключаючы ўдзел у арганізаванай злачыннай групе, парушэнні санкцыйных рэжымаў і кантрабанду.
Сярод затрыманых 29-гадовая Магдалена В., супрацоўніца Мытна-падатковай службы, якая забяспечвала правоз тавараў без мытнага дагляду. Паводле версіі абвінавачання, яна атрымала не менш за 162,5 тыс. злотых хабару за пропуск грузаў. Падчас ператрусу па месцы жыхарства мытніцы былі канфіскаваныя наяўныя грошы ў суме 385 тыс. злотых і 1990 еўра. Яна арыштаваная тэрмінам на 3 месяцы.
У дачыненні да астатніх удзельнікаў групы ўжытыя меры стрымання, не звязаныя з заключэннем пад варту, у тым ліку заклад, падпіска аб нявыездзе, паліцэйскі нагляд.