Калеснікава перадала падзяку Лукашэнку

Былая палітзняволеная Марыя Калеснікава падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі ў Чарнігаве расказала пра першы дзень, праведзены на волі. Паводле яе слоў, яна падзякавала прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, спецпасланніку ЗША Джону Коўлу і праз супрацоўнікаў спецслужбаў перадала падзяку Аляксандру Лукашэнку.

“Я адчуваю неверагоднае шчасце, пачынаючы з учорашняга дня. Як я ўжо сказала, у мяне была магчымасць падзякаваць прэзідэнту Украіны. У мяне была магчымасць праз беларускія спецслужбы падзякаваць Аляксандру Грыгор’евічу, і я гэта зрабіла. Я спадзяюся, што яму перадалі мае словы падзякі. Яны абсалютна шчырыя. Я яшчэ раз паўтаруся: я вітаю вызваленне людзей, і я спадзяюся, што гэтыя першыя крокі ў гэтым кірунку, зараз, у гэты час, яны будуць працягвацца.

І я думаю, што калі мы можам нешта зрабіць у гэтым кірунку, мы будзем гэта рабіць, але, думаю, што цяпер усё залежыць зусім не ад нас. І мы проста вітаем гэта і будзем вельмі шчаслівыя, калі ўсе, хто знаходзіцца ў турмах, здабудуць свабоду. Калі мы ўсе зможам вярнуцца дадому. Для нас усіх гэта вельмі балючае пытанне. І вось гэтыя першыя крокі — яны ўсяляюць аптымізм. І мы спадзяёмся, што гэта будзе працягвацца”, — расказала яна.

“Натуральна, у мяне была магчымасць падзякаваць спецпасланніку Дональда Трампа, спадару Коўлу, і я гэта таксама зрабіла — горача, шчыра. Бо гэта, гэта, ведаеце, такая простая чалавечая рэч: калі людзі, якіх ты зусім не ведаеш, гэтыя людзі ўплываюць на твой лёс, на лёс іншых, блізкіх табе людзей.

І ў такім кантэксце, так, калі вынікам становіцца тое, што мы ўсе сустракаемся, абдымаемся і проста шчаслівыя быць побач, і калі, ну, па сутнасці, незнаёмыя людзі да гэтага маюць дачыненне, — гэта заўсёды вельмі сагравае. І, канешне ж, вось гэтыя словы падзякі — яны шчырыя, і яны на самай справе не перадаюць той глыбіні пачуццяў, якія я адчуваю”, — дадала былая палітзняволеная.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!