Reform.news

Эстонія не дапусціць беларускіх спартсменаў да спаборніцтваў на сваёй тэрыторыі

Рэдакцыя Reform.news · 13 лістапада 2026, 21:18

https://reform.news/be/jestonija-ne-dapuscic-belaruskih-spartsmena-da-spabornictva-na-svajoj-tjerytoryi/

Эстонія апавясціла Міжнародную федэрацыю лыжнага спорту і сноўборда (FIS), што не дазволіць беларускім і расійскім спартсменам удзельнічаць у спаборніцтвах на сваёй тэрыторыі, пакуль працягваецца вайна ва Украіне, паведамляе ERR.

Ліст з такой пазіцыяй накіравала Міністэрства культуры Эстоніі пасля таго, як у верасні FIS змякчыла правілы допуску спартсменаў з Беларусі і Расіі. Таксама былі знятыя абмежаванні для спартсменаў, звязаных са спартыўнымі клубамі вайсковых і сілавых структур, у тым ліку маскоўскімі ЦСКА і «Дынама».

У студзені 2026 года ў Эстоніі пройдзе чэмпіянат свету па лыжных відах спорту сярод юніёраў і спартсменаў да 23 гадоў, а ў лютым — чэмпіянат свету па біятлоне.

У лісце гаворыцца, што ўрад Эстоніі, міністэрства і Алімпійскі камітэт Эстоніі з пачатку вайны выступаюць супраць удзелу расійскіх і беларускіх спартсменаў і каманд у міжнародных спаборніцтвах да яе заканчэння.

Эстонія лічыць, што правядзенне спаборніцтваў з удзелам спартсменаў з Беларусі і Расіі супярэчыла б падтрымцы Украіны з боку Эстоніі і дазволіла б Маскве і Мінску выкарыстоўваць міжнароднае асвятленне спартыўных падзей у прапагандысцкіх мэтах.

FIS дазваляе спартсменам з Беларусі і Расіі выступаць у нейтральным статусе толькі ў індывідуальных дысцыплінах. Яны павінны падпісаць дэкларацыю аб нейтралітэце, не выкарыстоўваць нацыянальныя сцягі і сімволіку, не мець сувязяў з вайсковымі і сілавымі структурамі і выконваць антыдопінгавыя правілы.

Рэклама

Пакінуць адказ