Скриншот видео.
Эквадорскія і амерыканскія вайскоўцы пачалі сумесныя аперацыі супраць арганізацый, прызнаных тэрарыстычнымі, на тэрыторыі Эквадора. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі Паўднёвага ваеннага камандавання ЗША.
Аперацыі стартавалі 3 сакавіка і, паводле заявы амерыканскага боку, накіраваныя супраць наркатэрарыстычных груповак, якія дзейнічаюць у краіне. У камандаванні падкрэслілі, што сумесныя дзеянні з’яўляюцца часткай намаганняў партнёраў у Лацінскай Амерыцы і Карыбскім рэгіёне па барацьбе з наркатэрарызмам.
Паводле даных вайскоўцаў, аперацыі нацэлены на супрацьдзеянне групам, якія, як сцвярджаецца, на працягу доўгага часу датычныя да насілля, тэрарызму і карупцыі, што закранаюць грамадзян розных краін Заходняга паўшар’я.
Камандуючы Паўднёвым камандаваннем ЗША генерал марской пяхоты Фрэнсіс Л. Донаван заявіў, што амерыканскі бок высока ацэньвае дзеянні эквадорскіх узброеных сіл.
«Мы выказваем удзячнасць мужчынам і жанчынам узброеных сіл Эквадора за іх нязменную прыхільнасць гэтай барацьбе і за мужнасць і рашучасць, якія яны дэманструюць, працягваючы дзеянні супраць наркатэрарыстаў у сваёй краіне», — сказаў Донаван.
У верасні Дзярждэпартамент ЗША ўнёс у спіс замежных тэрарыстычных арганізацый два найбуйнейшыя картэлі Эквадора Los Lobos і Los Choneros.
Мінабароны Эквадора таксама абвясціла пра новую фазу аперацыі супраць наркакартэляў.
“Мы пачынаем новы этап барацьбы з наркатэрарызмам і незаконнай здабычай карысных выкапняў. Узброеныя сілы Эквадора і надалей будуць рашуча змагацца з арганізаванай злачыннасцю разам са стратэгічнымі саюзнікамі дзеля бяспекі эквадорцаў і мірнай будучыні для нашых сямей”, — гаворыцца ў запісе, апублікаваным у сацсетках.
Перад гэтым былі апублікаваныя паведамленні пра ліквідацыю месцаў незаконнай здабычы карысных выкапняў, уключаючы золата.