Экс-палітвязні пачалі падаваць заявы на міжнародную абарону ў Польшчы

19 снежня вызваленыя беларускія палітвязні пачалі падаваць заявы на міжнародную абарону ў Польшчы. Сёння было пададзена 10 заяў, паведамляе АПК.

Пытанне падачы заяў знаходзіцца на асабістым кантролі галоўнага каменданта памежнай службы. Паводле дамоўленасці намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушкі з прадстаўнікамі польскай памежнай службы палітвязні змогуць падаць заявы таксама ў бліжэйшыя суботу і нядзелю перад каляднымі святамі, каб пачаць працэдуру легалізацыі ў найкарацейшыя тэрміны.

Польскі бок таксама выказаў гатоўнасць аператыўна прымаць заявы на абарону ў іншых гарадах Польшчы.

Латушка выказаў падзяку польскім уладам і беларускім ініцыятывам за падтрымку вызваленых палітвязняў.

«Хачу выказаць асаблівую падзяку польскім уладам за садзейнічанне ў пытаннях легалізацыі вызваленых палітвязняў і за пазітыўнае, адкрытае стаўленне да людзей.

Хачу таксама падзякаваць ініцыятыве «Вольныя», Цэнтру беларускай салідарнасці, Dissidentby, камандзе НАУ, фонду «Краіна для жыцця», ініцыятыве Partyzanka, прадстаўніцтву АПКБ па сацыяльнай палітыцы, а таксама кожнаму валанцёру і кожнай валанцёрцы, хто прымае ўдзел у падтрымцы вызваленых палітвязняў, і за эфектыўнае ўзаемадзеянне ў гэтым пытанні», — заявіў Латушка.

Нагадаем, 13 снежня былі вызвалены 123 палітвязні. 114 былі высланы ва Украіну, астатнія — у Літву. У некаторых няма на руках пашпартоў. 17 снежня палітвязні пакінулі Украіну. 87 прыбылі ў Польшчу, 20 — у Літву.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!