Пінская дыяцэзія Рымска-каталіцкага касцёла паведаміла аб непрадаўжэнні дазволу на далейшае пастырскае служэнне польскаму святару Янушу Пуліту. Ён 32 гады служыў у парафіях Ружан і Лыскава.
Пра гэта ў звароце да парафіян, на які звярнула ўвагу “Хрысціянская візія”, распавёў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Паводле яго слоў, дыяцэзія не атрымала ад дзяржаўных уладаў узгаднення на працяг служэння Пуліта ў Беларусі.
«У сувязі з вымушаным сыходам з нашай дыяцэзіі ксяндза Януша Пуліта, СМ, хочам падзякаваць яму за тое, што з 39 гадоў святарскага шляху больш за 32 гады ён прысвяціў служэнню вернікам на нашай зямлі. Ён самааддана адгукнуўся на заклік кардынала Казіміра Свёнтка і настаяцеляў сваёй манаскай кангрэгацыі і ўключыўся ў жыццё Пінскай дыяцэзіі», – гаворыцца ў звароце біскупа.
Дзям’янка таксама адзначыў недахоп мясцовых святароў і скарачэнне колькасці святароў з іншых краін, якія прыязджаюць у Беларусь для працы ў каталіцкіх парафіях. Паводле яго слоў, Пінскай дыяцэзіі складана забяспечваць рэгулярную пастырскую апеку ўсіх парафіяльных супольнасцей на тэрыторыі ад Брэста да Гомеля.
“Дарагія браты і сёстры! За многія стагоддзі гісторыі Касцёла вашы парафіяльныя супольнасці перажывалі розныя часы: і росквіту, і складанасцей. Сёння мы перажываем такі перыяд, калі не хапае мясцовых пастыраў. Молімся аб пакліканнях да святарскага служэння і падтрымліваем нашых семінарыстаў. Шматгадовы настаяцель з’язджае з вашых парафій не па сваёй волі. Гэта боль для ўсіх нас. Але мы, біскупы і святары, будзем дапамагаць і падтрымліваць вас, разам знаходзячыся ў духу хрысціянскай веры, надзеі і любові”, – запэўніў ён.
У той жа час, паводле інфармацыі «Хрысціянскай візіі», двое іншых польскіх святароў, якія служаць у Пінскай дыяцэзіі і перыяд дзеяння дазволаў якіх заканчваўся, атрымалі новыя дазволы на бліжэйшыя паўгода.
Пуліт стаў трэцім польскім святаром Пінскай дыяцэзіі, якому з пачатку 2026 года не працягнулі дазвол на пастырскую дзейнасць. Кіраўнікі іншых дыяцэзій у выпадку непрадаўжэння дазволаў польскім святарам публічна пра гэта не інфармавалі, і вернікі даведваліся пра гэта толькі з неафіцыйных крыніц.
