Ігар Тышкевіч расказаў, як КДБ спрабаваў яго завербаваць пасля затрымання жонкі Вольгі Харламавай

Аналітык Ігар Тышкевіч расказаў у Facebook, што пасля затрымання яго жонкі, палітолага Вольгі Харламавай, супрацоўнікі КДБ Беларусі амаль тры гадзіны спрабавалі яго завербаваць. Паводле яго слоў, яны шантажавалі яго лёсам жонкі і здароўем яе маці, а больш за ўсё хацелі даведацца пра яго кантакты ва Украіне. 20 лістапада Харламаву асудзілі на дзесяць гадоў калоніі.

Супрацоўнікі КДБ затрымалі Харламаву 26 чэрвеня 2025 года, з другой спробы. Праз дзве гадзіны пасля затрымання яе, як піша Тышкевіч, «папрасілі» патэлефанаваць мужу.

Вольга Харламава. Скрыншот відэа golosameriki.com

«Далей была амаль трохгадзінная спроба вярбоўкі і шантажу. Шантажавалі “будучыняй вашай жонкі і станам яе мамы”. Тут варта адзначыць, што маці Вольгі цяжка хворая, і гэта быў адзін з асноўных “якароў”, які трымаў яе ў Беларусі», — напісаў Тышкевіч.

Падчас размовы супрацоўнікі КДБ пыталіся пра беларусаў, якія ваююць на баку Украіны. Але цікавасць да іх, паводле слоў Тышкевіча, была толькі часткай размовы.

«КДБ цікавіла інфармацыя пра беларусаў, якія ваююць на баку Украіны, але больш за ўсё — мае кантакты ва ўкраінскай палітыцы, дзяржорганах і структурах, якія сёння ўваходзяць у склад Сіл абароны Украіны. І мой аналіз», — расказаў ён.

Тышкевіч запісаў размову і на наступную раніцу перадаў запіс для вывучэння супрацоўнікам Службы бяспекі Украіны. Яшчэ напярэдадні затрымання жонкі яны абмеркавалі, як паступіць у такой сітуацыі. Вольга, «нібы прадчувала», узяла з яго слова, што ён не паддасца на шантаж, калі на яго паспрабуюць ціснуць праз яе.

Следства доўжылася каля паўтара года. За гэты час артыкулы, паводле якіх падазравалі Харламаву, неаднаразова мяняліся. Тышкевіч лічыць, што як мінімум двойчы жонку спрабавалі псіхалагічна зламаць. Паводле яго слоў, кожны такі перыяд доўжыўся па некалькі месяцаў.

«Ускосна гэта было зразумела па спыненні ўсялякай перапіскі (у тым ліку лістоў ад сваякоў, родных і знаёмых) і іншых прыкметах», — патлумачыў ён.

У выніку Харламавай прад’явілі абвінавачанне па трох артыкулах. Асноўным стала здрада дзяржаве. Два іншыя артыкулы Тышкевіч не назваў. Суд пачаўся ў жніўні, пасяджэнні працягваліся да 20 лістапада. Як пісаў Reform.news са спасылкай на Андрэя Стрыжака, Харламавай прызначылі дзесяць гадоў калоніі агульнага рэжыму і штраф у 1500 базавых велічынь — 67 500 рублёў.

Тышкевіч патлумачыў і тое, чаму родныя і сябры дагэтуль не расказвалі пра абставіны справы. Паводле яго слоў, гэта было іх свядомае рашэнне.

«У гэтым была пэўная логіка, звязаная ў тым ліку з украінскім бокам. Пра гэта я буду гатовы адказваць толькі пасля таго, як Вольга будзе на свабодзе, і пасля заканчэння або замарозкі вайны», — напісаў ён.

Калі 20 лістапада стала вядома пра прысуд, некаторыя з тых, хто ведаў Тышкевіча або знайшоў яго кантакты, патэлефанавалі спытаць, ці можна публікаваць навіну. Ён прасіў «пачакаць да панядзелка», каб паспець паведаміць пра прысуд тым з блізкіх, для каго гэта магло стаць занадта цяжкім ударам. Большасць тых, хто тэлефанаваў, паводле яго слоў, паставіліся да просьбы з разуменнем. Іншыя падрабязнасці Тышкевіч пакуль раскрываць не мае намеру, але паабяцаў напісаць, калі ў справе адбудуцца змены, пра якія варта паведаміць.

Вольга Харламава працавала аналітыкам праекта Media IQ і каментавала падзеі ў Беларусі для беларускіх і замежных СМІ. Пра яе затрыманне публічна стала вядома ў сакавіку 2026 года. Тады Харламава знаходзілася ў СІЗА па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве паводле артыкула 356 КК. Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў яе палітзняволенай.