«єРадар» паведаміў пра чатыры рэтранслятары, якія працуюць у Беларусі

Украінскі маніторынгавы канал «єРадар» заявіў пра выяўленне чатырох рэтранслятараў, якія выкарыстоўваліся для сувязі і кіравання рэактыўнымі беспілотнікамі на тэрыторыі Беларусі.

Паводле інфармацыі канала, на працягу мінулага і бягучага тыдняў рэтранслятары выявілі ў раёнах Хойнікаў, Дзербінак, Махновічаў і Буда-Сафіеўкі. Аўтары сцвярджаюць, што разгорнутая сетка дазваляла павялічваць далёкасць палёту беспілотнікаў і кіраваць імі ў рэжыме рэальнага часу на значнай адлегласці.

“Разгорнутая сетка рэтранслятараў істотна павялічыла далёкасць палёту беспілотнікаў, дазволіўшы ім дабрацца аж да мяжы з Польшчай. Паводле наяўнай інфармацыі, менавіта дзякуючы гэтым рэтранслятарам аператары маглі кіраваць БПЛА ў рэжыме рэальнага часу і нанесці ўдар па цягніку і заправачных станцыях паблізу польскай мяжы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Рэсурс звяртае ўвагу, што ад самага аддаленага зафіксаванага рэтранслятара ў раёне Буда-Сафіеўкі да Луцка крыху больш за 250 км.

Нагадаем, у чэрвені прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень для таго, каб адключыць рэтранслятары для расійскіх дронаў, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку Украіна знішчыць іх сама. Праз некалькі дзён Зяленскі заявіў, што рэтранслятары былі выключаныя. 30 чэрвеня галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі паведаміў пра тое, што Беларусь уключала адзін рэтранслятар, але больш гэтага рабіць не будзе.

У сярэдзіне ліпеня дарадца міністра абароны Украіны Сяргей «Флэш» Бяскростнаў дапусціў, што Расія можа працягваць час ад часу выкарыстоўваць рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі для накіравання ўдарных беспілотнікаў.

На мінулым тыдні начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Алег Івашчанка заявіў, што рэтранслятары ў Беларусі аднавілі працу.

Напярэдадні кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка заявіў, што атака расійскіх беспілотнікаў на пункт пропуску «Ягадзін» на ўкраінска-польскай мяжы ажыццяўлялася пры падтрымцы Беларусі.