Грамадзяніна Польшчы асудзілі за спробу супрацоўніцтва з расійскай выведкай

Акруговы суд у Замосці прызнаў вінаватым 50-гадовага грамадзяніна Польшчы Паўла К. па артыкулах аб шпіянажы і незаконным валоданні зброяй. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе 3,5 года пазбаўлення волі.

Мужчына быў затрыманы ў красавіку 2024 года. Тады паведамлялася, што яго затрыманне стала вынікам сумеснай аперацыі польскіх і ўкраінскіх службаў.

“Вынікі расследавання паказваюць на тое, што Павел К. паведаміў пра гатоўнасць працаваць на ваенную выведку Расійскай Федэрацыі і ўсталёўваў кантакты з грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў ваенных аперацыях на тэрыторыі Украіны.

У абавязкі абвінавачанага ўваходзіў збор і перадача інфармацыі, якая датычылася бяспекі інфраструктуры аэрапорта Жэшув-Ясёнка.

Гэтая дзейнасць магла быць выкарыстаная расійскімі спецслужбамі, у тым ліку ў кантэксце планавання магчымага замаху на кіраўніка замежнай дзяржавы, а менавіта прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, — гаворыцца ў паведамленні Нацыянальнай пракуратуры Польшчы.

Таксама мужчына выказваў гатоўнасць уступіць у дыверсійныя структуры, у тым ліку ў Групу Вагнера, а таксама далучыцца да в/ч 29155 Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генштаба РФ.

Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу. Ён можа быць абскарджаны і апратэставаны.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!