Фото: Johannes Daleng, unsplash.com
Гомель і яшчэ 176 гарадоў і вёсак выключаныя з пераліку населеных пунктаў і аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын.
Пералік быў абноўлены паводле вынікаў абследаванняў забруджаных тэрыторый, праведзеных Мінпрыроды і Міністэрствам аховы здароўя ў 2021–2025 гадах. Спецыялісты адбіралі пробы глебы і ацэньвалі дозавыя нагрузкі на насельніцтва. Аналіз вынікаў паказаў «значнае паляпшэнне сітуацыі ў асобных населеных пунктах, размешчаных на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях», паведамляе прэс-служба ўрада.
У 2021 годзе ў зонах радыеактыўнага забруджвання знаходзіліся 2022 населеныя пункты, у якіх пражывала 930,6 тысячы чалавек, і 49 аб’ектаў.
З абноўленага пераліку выключаныя 177 населеных пунктаў, у тым ліку Гомель, Лельчыцы, Лунінец, Іўе, і 33 аб’екты. Такім чынам, у пераліку засталіся 1845 населеных пунктаў, у якіх пражываюць 364,2 тысячы чалавек, і 33 аб’екты.
Пастанова ўступіць у сілу з 1 студзеня 2027 года. Льготы на бясплатнае харчаванне захоўваюцца да чэрвеня 2027 года для непаўналетніх дзяцей, якія пражываюць і (або) навучаюцца ва ўстановах адукацыі, размешчаных на тэрыторыях, што выводзяцца з катэгорыі забруджаных.