«Гэта хутчэй вялікая сцэнаграфічная пастаноўка»: Сяргей Шабохін – пра беларускі праект на Венецыянскай біенале

З нагоды адкрыцця беларускага праекта «Official. Unofficial. Belarus» Reform.news звярнуўся па каментар да мастака, куратара і галоўнага рэдактара даследчай платформы сучаснага беларускага мастацтва Kalektar Сяргея Шабохіна, які цяпер знаходзіцца на Венецыянскай біенале.

Мастак падзяліўся сваімі ўражаннямі і меркаваннем пра праект і агульны кантэкст біенале і лічыць, што выказванне Беларускага свабоднага тэатра і куратаркі Даніэлы Каляды атрымалася «эмацыйным, плакатным і тэатральным», але пры – цалкам адпаведным агульнаму характару сёлетняй Венецыі.

Сяргей Шабохін у інтэрактыўнай прасторы «Official. Unofficial. Belarus»

– Назва беларускага праекта «Official. Unofficial. Belarus», прадстаўленага ў рамках афіцыйнай паралельнай праграмы 61-й Венецыянскай біенале, працуе як вельмі дакладны і амаль правакацыйны жэст, – лічыць Сяргей Шабохін. – Многія наведвальнікі спачатку сапраўды ўспрынялі яго як афіцыйны нацыянальны павільён Беларусі, задавалі пытанні, ці не стаіць за ім дзяржаўная структура, ці не санкцыянаваны ён беларускімі ўладамі. Але супрацьпастаўленне «official / unofficial» адразу разбурае гэтую ілюзію і ператварае саму назву ў каментар да сучаснага стану беларускай культуры, якая існуе паміж легальнасцю і выгнаннем, паміж афіцыйнай нябачнасцю і міжнароднай прысутнасцю. Само слова «Belarus» у кантэксце Венецыянскай біенале ўжо працуе як моцны маркер, асабліва цяпер, калі Беларусь у міжнароднай свядомасці амаль заўсёды асацыюецца з палітычным гвалтам, цэнзурай і эміграцыяй.

«Official. Unofficial. Belarus». Фота: Сяргей Шабохін

Праект адбываецца ў касцёле Святога Яна Евангеліста ў Венецыі і курыруецца Даніэлай Калядой. Сярод удзельні:ц – Сяргей Грыневіч, Уладзімір Цэслер, Мікалай Халезін, а таксама сама Даніэла Каляда, якая выступае тут не толькі як куратарка, але і як аўтарка некалькіх ключавых інсталяцыйных элементаў. Асобную ролю ў праекце адыгрывае кампазітарка Вольга Падгайская, якая стварыла site-specific арганную і гукавую кампазіцыю для гэтай прасторы.

«Official. Unofficial. Belarus». Фота: Сяргей Шабохін

Асобна трэба адзначыць саму прастору. Арганізатар:кам удалося арандаваць сапраўды вельмі моцны і ўражлівы касцёл – фактычна паўнавартасны ўдзельнік усяго праекта. У Венецыі касцёлы даволі часта выкарыстоўваюцца як выставачныя прасторы, і тут таксама экспазіцыя пабудаваная як site-specific інтэрвенцыя: амаль усе элементы ўзаемадзейнічаюць з архітэктурай, сакральнасцю прасторы, яе маштабам, акустыкай і драматургіяй руху гледача. Праца ідзе не толькі з візуальнымі вобразамі, але і са святлом, цемрай, гукам, пахамі, маршрутам і самой атмасферай касцёла.

Менавіта тут вельмі адчуваецца бэкграўнд Belarus Free Theatre. Праект «Official. Unofficial. Belarus» – хутчэй вялікая сцэнаграфічная пастаноўка, «мантаж атракцыёнаў». Усё працуе на эфект. Святло, гук, арганная музыка, пах жыта і саломы, аўдыяінсталяцыі, тэксты палітвязняў, элементы назірання, нават гастранамічныя дэталі на адкрыцці – усё гэта збіраецца ў адну татальную тэатральную сістэму. Шмат якія элементы выглядаюць наўмысна бутафорскімі, амаль дэкарацыйнымі, але менавіта такая тэатральная празмернасць сёння вельмі характэрная для вялікай колькасці палітычных праектаў на біенале.

«Official. Unofficial. Belarus». Фота: Сяргей Шабохін

У гэтым сэнсе беларускі праект упісваецца ў агульны кантэкст сёлетняй Венецыі. Тут надзвычай шмат выстаў, пабудаваных на тэмах постпраўды, палітычнага тэатра, медыйнага гвалту, кічу і спектакулярнасці. У якасці прыкладу можна ўзгадаць персанальную выставу Давіда Чэрнага, якая таксама пабудавана як тэатр палітычнага гвалту і выкарыстоўвае вельмі прамыя, амаль карыкатурныя вобразы. Але беларускі праект выглядае больш дакладным у працы з прасторай. Ён менш перагружаны і больш уважлівы да самой архітэктуры касцёла, хоць таксама працуе з вельмі прамой эмацыйнай і палітычнай мовай.

«Official. Unofficial. Belarus». Фота: Сяргей Шабохін

Адна з цэнтральных інсталяцый пабудаваная вакол своеасаблівай «споведзі», створанай Даніэлай Калядой у супрацоўніцтве з адмыслова запрошаным праграмістам. Гледач:кі заходзяць у канфесіянал, пасля чаго іх твар счытваецца сістэмай назірання, а сама сакральная прастора ператвараецца ў прастору кантролю і маніторынгу. Іншая моцная інтэрвенцыя – вялікі крыж, складзены з камер назірання з чырвоным святлом. Усё гэта выглядае як вельмі дакладнае site-specific уварванне ў касцёльную архітэктуру.

«Official. Unofficial. Belarus». Фота: Сяргей Шабохін

На алтары знаходзіцца вялізны шар, складзены з забароненых кніг, што непазбежна выклікае асацыяцыі з «451 градусам па Фарэнгейту» Рэя Брэдберы і з «1984» Джорджа Оруэла. Побач аўдыяінсталяцыя, у якой вядомыя актор:кі зачытваюць лісты палітвязн:ек. Усё гэта пабудавана як татальны эмацыйны досвед, у якім гледачу прапануецца не разважаць, а хутчэй эмацыйна перажываць.

Асобную ролю адыгрываюць жывапісныя палотны Сяргея Грыневіча, якія амаль усе звязаныя з тэмамі палітычнай слепаты, назірання, кантролю і фіксацыі гвалту. Ягоная жывапісная мова ў гэтым праекце наўмысна кічовая, вельмі прамая, пабудаваная на эфекце і пазнавальнасці. Гэта жывапіс, які працуе як плакат або палітычны банер.

«Official. Unofficial. Belarus». Фота: Сяргей Шабохін

У іншай прасторы размешчана інсталяцыя Уладзіміра Цэслера: поле жыта (і зноў адсылка да літаратурнай класікі), над якім вісяць традыцыйныя беларускія «павукі», але зробленыя ўжо з металічных турэмных прутоў. На маніторах паказваецца працэс пляцення гэтых канструкцый з саломы. Вельмі адчуваецца сувязь з Артурам Клінавым і ягоным цыклам «Салодкае саламянае жыццё» і з «Таемнай вячэрай», якую ён ужо паказваў у Венецыі ў афіцыйным павільёне.

«Official. Unofficial. Belarus». Фота: Сяргей Шабохін

Менавіта тут пачынае праяўляцца і галоўная праблема праекта. Большасць работ выбудаваныя на вельмі прамой, плакатнай, часам карыкатурнай мове. Гэта мастацтва эфекту, мастацтва хуткага счытвання і медыйнай пазнавальнасці. Праект працуе праз сімвал, праз эмацыйны ўдар, праз палітычны жэст. Тут шмат саломы, лёну, крыжоў, палітвязняў, слежкі, вясковай і рэлігійнай эстэтыкі. Нібыта – сакралізацыя нашага болю. Адзін з калегаў жартам назваў усё гэта «дажынкамі свабоднай Беларусі», і ў гэтым ёсць пэўная праўда.

«Official. Unofficial. Belarus». Фота: Сяргей Шабохін

Нават адкрыццё было пабудавана як працяг самой экспазіцыі. Суседні будынак праз двор быў амаль цалкам ператвораны ў прастору для прыёму гасцей. Быў запрошаны лонданскі дыджэй, арганізавана fusion-кухня на аснове беларускіх рэцэптаў, усё ўпрыгожана васількамі і каласамі. Нават торт быў зроблены з малюнкам працы крыжа.

«Official. Unofficial. Belarus». Фота: Сяргей Шабохін

І пры гэтым трэба прызнаць: арганізатары правялі велізарную працу. Belarus Free Theatre заўсёды вельмі моцна ўзаемадзейнічаў з міжнароднай прэсай, палітыкамі, прафесійна займаўся культурнымі сувязямі і прамоцыяй, і менавіта гэта зрабіла беларускую прысутнасць у Венецыі такой заўважнай. Праект працуе як добра прадуманая медыйная кампанія. І ў гэтым таксама ёсць важны сімптом часу. Беларускія структуры ў выгнанні паступова назапашваюць уласны міжнародны капітал – сувязі, рэпутацыю, арганізацыйныя магчымасці, доступ да грантаў і партнёраў. Гэта ўжо даволі ўплывовая культурная сетка, здольная рэалізоўваць такія маштабныя праекты.

«Official. Unofficial. Belarus». Фота: Сяргей Шабохін

Але менавіта таму праект выглядае ў першую чаргу палітычным і медыйным жэстам, а не складаным шматузроўневым мастацкім выказваннем. Ён эмацыйны і «інстаграмны». Для часткі гледачоў гэта працуе надзвычай моцна. Для іншых – выглядае занадта прамалінейным і збудаваным на ўжо добра вядомых штампах пра Беларусь.

«Official. Unofficial. Belarus». Фота: Сяргей Шабохін

Аднак у гэтым ёсць і больш шырокі кантэкст. Венецыянская біенале ўвогуле ўсё менш становіцца прасторай для сапраўды глыбокага мастацтва. Гэта ў тым ліку палітычны форум, нешта паміж сусветнай выставай, “Еўрабачаннем” і алімпіядай культурных амбіцый. Тут краіны і супольнасці дэманструюць не толькі мастацтва, але і ўласныя магчымасці, свае страхі, траўмы, свой рэсурс і свой сімвалічны капітал. Біенале заўсёды працуе як лакмусавая паперка культурнага стану, і беларускі праект вельмі дакладна паказвае сённяшні стан беларускай культуры ў выгнанні.

З аднаго боку – узмацненне дыяспары, яе самаарганізацыю, міжнароднаю бачнасць і здольнасць акумуляваць рэсурсы. З другога, пастаяннае вяртанне да траўмы – цэнзуры, палітычнага гвалту і страчанай краіны.

Таму гэтае выказванне атрымалася эмацыйным, плакатным і тэатральным. І для многіх менавіта такая мова сёння найбольш адпавядае часу папулізму, палітычнага спектакля і медыйнай перагружанасці.

Павільён Аўстрыі. Фларэнціна Хольцынгер у праекце «Марскі свет Венецыі» ператварыла прастору ў «падводны парк забаў, станцыю ачысткі сцёкавых вод і святое збудаванне».
Павільён Украіны. Жанна Кадырава “Гарантыі бяспекі”. Скульптура аленя была ўсталявана ў Пакроўску на месцы дэмантаванага савецкага самалёта Су-7 — носьбіта ядзернай зброі. У 2024 годзе з-за набліжэння фронту скульптуру прыйшлося эвакуіраваць.

Для шырокага кола гледачоў біенале адкрываецца 9 траўня і будзе працаваць да 22 лістапада.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!