Скриншот видео
Генеральная пракуратура абвясціла аб накіраванні ў Мінгарсуд крымінальнай справы ў дачыненні да пяці ўдзельнікаў Палка Каліноўскага. Працэс будзе праходзіць у парадку спецвытворчасці.
Імёны абвінавачаных не называюцца, аднак пракуратура пазначае некаторыя іх ролі.
“Абвінавачаныя ў розны час увайшлі ў склад так званага палка, выконваючы функцыі начальніка штаба, байца і інструктара палка, а таксама камандзіра медыцынскай роты”, – гаворыцца ў паведамленні.
Абвінавачанні падрабязна не раскрываюцца, але ў паведамленні згадваюцца: “акт тэрарызму і пагроза яго здзяйснення, арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі, прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім, змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.
Трэба адзначыць, што завочныя суды над каліноўцамі ў Беларусі праходзяць пяцёркамі. У верасні быў вынесены прысуд Юрыю Макітаву, Крысціне Станкевіч, Міхаілу Чупрынскаму, Мікалаю Бойку і Наталлі Нікіцінай. Ім было прызначана пакаранне ад 12 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Да гэтага ў сакавіку прайшоў суд над Аляксеем Кавальчуком, Аляксеем Назаравым, Дзянісам Прохаравым, Паўлам Шурмеем і Вадзімам Кабанчуком. Прысуды склалі ад 12 да 25 гадоў пазбаўлення волі.