Фінансавы амбудсмен Польшчы накіраваў у банкі запыты наконт адкрыцця рахункаў беларусам

Цэнтр беларускай салідарнасці (ЦБС) звярнуўся да фінансавага амбудсмена Польшчы ў сувязі з адмовамі ў адкрыцці банкаўскіх рахункаў, з якімі сутыкаюцца беларусы.

Як адзначаюць у ЦБС, ужо больш за месяц былыя палітвязні, вызваленыя 13 снежня 2025 года і якія знаходзяцца ў Польшчы, не могуць адкрыць банкаўскія рахункі.

Кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі ЦБС Вольга Дабравольская звярнулася з гэтай праблемай да фінансавага амбудсмена Польшчы (Rzecznik Finansowy). У адказ амбудсмен накіраваў афіцыйныя запыты ў тры буйныя польскія банкі — PKO BP S.A., Bank Millennium S.A. і Santander Bank Polska S.A.

У прыватнасці, ён папрасіў банкі растлумачыць, ці можа часовае пасведчанне асобы замежніка служыць падставай для адкрыцця банкаўскага рахунку, а таксама ці магчыма ўкараненне спецыяльных працэдур, якія спросцяць доступ да банкаўскіх паслуг для грамадзян Беларусі, у тым ліку былых палітвязняў, што звяртаюцца па міжнародную абарону ў Польшчы.

Акрамя таго, фінансавы амбудсмен звярнуўся ў Саюз банкаў Польшчы з прапановай разгледзець змяненне агульнай практыкі адкрыцця рахункаў для беларускіх грамадзян у падобных сітуацыях.

Амбудсмен паабяцаў праінфармаваць Цэнтр беларускай салідарнасці пра вынікі кансультацый як з асобнымі банкамі, так і з Саюзам банкаў Польшчы.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!