"Востраў-2025". Фота: сацсеткі фестываля "Востраў".
Папулярны музычны open-air Wostrau («Востраў»), які меўся прайсці летам 2026 года ў Нясвіжы, не адбудзецца. Пра гэта арганізатары афіцыйна паведамілі ў сваім Instagram-акаўнце.
Арганізатары фэсту выступілі з заявай, у якой назвалі рашэнне аб адмене «цяжкім, але неабходным». Паводле іх слоў, правядзенне мерапрыемства ў 2026 годзе стала немагчымым з-за зменаў у беларускім заканадаўстве.
У публікацыі наўпрост называецца прычына — уступленне ў сілу пастановы Савета Міністраў №454 ад 22 жніўня 2025 года «Аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў».
«Адсутнасць у нас магчымасці прывозіць замежных артыстаў самастойна робіць для нас правядзенне фестывалю немагчымым на тым узроўні, да якога мы з вамі прывыклі і які лічым для сябе правільным», — тлумачыць каманда Wostrau.
Арганізатары падкрэсліваюць, што для іх прынцыпова захаваць высокую планку мерапрыемства. Фактычна, каманда Wostrau адмовілася ад кампрамісаў з якасцю, якія сталі непазбежнымі пасля ўвядзення новых дзяржаўных фільтраў.
Фестываль Wostrau — праект Яўгена і Алега Лабуцяў. Браты, якія нарадзіліся і выраслі на Браслаўшчыне, добра вядомыя ў беларускай шоу-індустрыі як стваральнікі маштабнага брэнда Viva Braslav.
Калі папярэднія тры гады Wostrau у Нясвіжы ўдавалася праводзіць на высокім камерцыйным узроўні, то ўвядзенне новага Рэестра арганізатараў стварыла непераадольныя бар’еры нават для такіх вопытных гульцоў рынку.
Праграма мінулага года паказвае, што фестываль рабіў стаўку на папулярных расійскіх выканаўцаў. У 2025 годзе ў Нясвіжы выступалі Artik & Asti (Seville), RAMIL’, «Винтаж», «Корни» і іншыя.
Эксперты і наведвальнікі трактуюць гэтую адмену як сігнал аб канчатковай манапалізацыі канцэртнай сферы. Новая пастанова фактычна пазбаўляе прыватных арганізатараў магчымасці самастойна фармаваць спіс артыстаў, бо кожнае імя павінна прайсці жорсткае дзяржаўнае ўзгадненне. Сітуацыя выклікала хвалю трывогі сярод моладзі: у сацсетках людзі пішуць, што цяпер за якаснымі музычнымі эмоцыямі давядзецца ехаць за мяжу.
Адмена Wostrau — не адзіная страта для летняга фестывальнага сезона. Раней па падобных прычынах было адменена «Сонцастаянне» ў Пружанах. Гэты фэст таксама быў арыентаваны на маштабную праграму з прыцягненнем замежных артыстаў, пераважна расійскіх «рок-легенд» з праваеннай пазіцыяй.
Сітуацыя сведчыць аб тым, што ў Беларусі ўводзіцца татальны манапольны кантроль над канцэртнай сферай. Нават лаяльнасць выканаўцаў ці высокі запыт публікі, якой неабходна «выпускаць пар», больш не з’яўляюцца гарантыяй таго, што мерапрыемства дазволяць правесці.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram