ЕС заклікаў Беларусь вярнуць ва Украіну ўсіх незаконна затрыманых і дэпартаваных украінцаў

Украіна і Вярхоўны прадстаўнік ЕС выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі Расію і Беларусь вярнуць ва Украіну ўсіх адвольна затрыманых і незаконна дэпартаваных украінскіх грамадзян, уключаючы дзяцей.

«Мы настойліва заклікаем Расію і Беларусь забяспечыць неадкладнае, бяспечнае і безумоўнае вяртанне ва Украіну ўсіх адвольна затрыманых, незаконна дэпартаваных і прымусова перамешчаных украінскіх грамадзянскіх асоб, уключаючы дзяцей», — гаворыцца ў заяве.

З пачатку вайны і спробы незаконнай анексіі Крыма Расія пераследуе ўсіх, каго лічыць пагрозай для акупацыйных уладаў. Адзначаюцца выпадкі адвольных затрыманняў, прымусовых знікненняў, шырокамаштабнага прымянення катаванняў, незаконнай дэпартацыі ў РФ і прымусовага перамяшчэння ў іншыя раёны акупаваных тэрыторый, гаворыцца ў заяве.

«Грамадзянскія асобы, уключаючы прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, журналістаў, актывістаў, валанцёраў, рэлігійных дзеячаў і іншых, працягваюць падвяргацца палітычна матываванаму крымінальнаму пераследу, катаванням і ўтрыманню ў нечалавечых умовах», — адзначаецца ў дакуменце.

ЕС і Украіна заклікаюць даць Міжнароднаму камітэту Чырвонага Крыжа доступ да ўсіх месцаў утрымання ўкраінскіх ваеннапалонных і затрыманых грамадзянскіх асоб, а таксама садзейнічаць устанаўленню лёсу і месцазнаходжання асоб, якія лічацца зніклымі без вестак.

«Мы зноў заклікаем выконваць нормы міжнароднага гуманітарнага права і міжнароднага права ў галіне правоў чалавека ў дачыненні да ўсіх зняволеных, уключаючы спыненне жорсткіх пакаранняў смерцю і прымянення катаванняў у дачыненні да ваеннапалонных і затрыманых грамадзянскіх асоб», — гаворыцца ў заяве.

ЕС і Украіна таксама лічаць неабходнымі далейшыя намаганні па запуску Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны і Міжнароднай камісіі па разглядзе прэтэнзій Украіны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!