Дзяржаўныя сістэмы Літвы і Польшчы падвергліся кібератакам

Інфармацыйная сістэма мытні Літвы падверглася атацы. Як паведамілі ў прэс-службе мытні, “прыкметы магчымай незаконнай дзейнасці ў інфраструктуры інфармацыйных сістэм” былі выяўленыя ўвечары 10 лістапада.

Інцыдэнт лакалізаваны, вызначаюцца яго маштабы і патэнцыйныя наступствы. Былі прынятыя меры бяспекі.

“У цяперашні час пацверджаных выпадкаў парушэння цэласнасці даных у выніку інцыдэнту няма”, – гаворыцца ў паведамленні.

Доступ для фізічных асоб і малых прадпрыемстваў да адзінага мытнага партала прыпынены. Сістэмы і сэрвісы, якія выкарыстоўваюцца прадстаўнікамі мытні (пасрэднікамі), будуць працаваць у звычайным рэжыме.

Учора таксама была зафіксаваная атака на польскую дзяржаўную сістэму ePUAP – электронную платформу дзяржпаслуг. Яна дазваляе падаваць дакументы, заявы, падпісваць іх з выкарыстаннем даверанага профілю. Пра ўцечку даных або іншую значную шкоду не паведамлялася.