Двух падазраваных у падпале абсталявання Starlink у Вільнюсе затрымалі ў Германіі

У Германіі затрымалі двух чалавек, падазраваных у падпале наземнай інфраструктуры спадарожнікавай сувязі Starlink у Вільнюсе 18 кастрычніка. Абодва жывуць у Германіі. У аднаго з іх грамадзянства Германіі і Турцыі, у другога — Германіі і Сербіі, паведамляе Бюро крымінальнай паліцыі Літвы.

Паводле даных следства, падпал наземнага абсталявання Starlink адбыўся на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства і мог прывесці да цяжкіх наступстваў. Літва лічыць тое, што адбылося, тэрарыстычным актам.

Падазраваныя былі затрыманыя ў Германіі паводле еўрапейскіх ордараў на арышт, выдадзеных балгарскімі праваахоўнымі органамі па справе аб аналагічным злачынстве ў Балгарыі.

Віленская акруговая пракуратура прызнала затрыманых падазраванымі ў стварэнні і дзейнасці арганізаванай тэрарыстычнай групы, удзеле ў ёй, прыбыцці з тэрарыстычнымі мэтамі і здзяйсненні тэракту, які мог пацягнуць цяжкія наступствы.

Двух грамадзян Германіі затрымалі па запыце Балгарыі 23 кастрычніка, паведамляе Reuters. Разглядаецца пытанне аб іх экстрадыцыі ў Балгарыю.

Следства ў Балгарыі лічыць, што 19-гадовыя Зека І. і Тырпан Б. прыехалі ў Балгарыю на некалькі гадзін 9 кастрычніка, падпалілі абсталяванне і з’ехалі на аўтамабілі ў кірунку Сербіі, паведамляе Балгарскае нацыянальнае тэлебачанне.

Нагадаем, днямі ў Германіі таксама затрымалі двух грамадзян Беларусі, падазраваных у падрыхтоўцы дыверсіі на аб’ектах чыгуначнай і энергетычнай інфраструктуры ў раёне Нюрнберга. У дачыненні да мужчын таксама вядзецца расследаванне ў Румыніі. Там яны падазраюцца ў падпале прамысловага аб’екта ў горадзе Брашаў.