Двух беларусаў затрымалі ў Германіі па падазрэнні ў падрыхтоўцы дыверсій

У Баварыі затрымалі двух грамадзян Беларусі ва ўзросце 39 і 50 гадоў, якіх падазраюць у падрыхтоўцы дыверсіі на аб’ектах чыгуначнай і энергетычнай інфраструктуры ў раёне Нюрнберга. Паводле версіі следства, яны планавалі зладзіць падпалы паблізу чыгуначнай лініі і лініі электраперадачы, піша WELT са спасылкай на крыніцы ў сферы бяспекі.

Паводле даных пракуратуры Мюнхена, мужчыны падазраюцца ў тым, што па даручэнні замежнай дзяржавы або арганізацыі збіраліся з дапамогай запальных сродкаў падпаліць нейкі будынак або аб’ект крытычнай інфраструктуры. Мэтай было прычыненне значнай матэрыяльнай шкоды і стварэнне пагрозы бяспецы Германіі. Мяркуецца, што за выкананне задання ім абяцалі ўзнагароджанне.

«Гэтыя дзеянні кваліфікуюцца як змова з мэтай здзяйснення падпалу ў сукупнасці з агентурнай дзейнасцю ў дыверсійных мэтах», — заявілі ў ведамстве.

Паводле даных выдання, абодва падазраваныя знаходзяцца пад вартай з 7 кастрычніка на падставе ордара суда горада Фюрт.

У дачыненні да мужчын таксама вядзецца расследаванне ў Румыніі. Паводле версіі румынскіх праваахоўных органаў, яны маглі ўдзельнічаць у падпале прамысловага аб’екта ў горадзе Брашаў у ноч на 14 верасня.

У панядзелак румынская разведка паведаміла пра выяўленне дыверсійнай сеткі, якая, паводле яе даных, дзейнічала пад кіраваннем Расіі і датычная да пажару на прамысловай пляцоўцы побач з прадпрыемствам, звязаным з абароннай прамысловасцю.

Румынская пракуратура па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю дамагаецца перадачы ёй двух беларусаў, затрыманых у Германіі, і грамадзяніна Украіны, які знаходзіцца пад вартай у Польшчы.