Двух мінчан будуць судзіць за арганізацыю фіктыўнай адпрацоўкі для выпускнікоў

Двух мужчын будуць судзіць за дапамогу ў прычыненні маёмаснай шкоды без прыкмет выкрадання. Яны дапамаглі 211 выпускнікам фіктыўна ўладкавацца на працу па размеркаванні.

Паводле матэрыялаў справы, са снежня 2018 года па ліпень 2024 года абвінавачаныя фіктыўна ўладкоўвалі выпускнікоў на працу і рыхтавалі неабходныя дакументы для камісій па размеркаванні. Пры гэтым выпускнікі не працавалі ў падкантрольных арганізацыях. Такім чынам яны «дапамаглі» не менш як 211 выпускнікам.

«Абвінавачаныя размяшчалі рэкламныя аб’явы ў сетцы Інтэрнэт для пошуку зацікаўленых у афармленні фіктыўнага працаўладкавання, кансультавалі іх, выступаючы пры гэтым кіраўнікамі афіляваных юрыдычных асоб, рыхтавалі, падпісвалі і прадастаўлялі дакументы для падачы ў камісіі па размеркаванні, арганізоўвалі запаўненне і падпісанне працоўных дагавораў, а таксама бланкаў пацвярджэнняў да пасведчанняў аб накіраванні на працу і іншых дакументаў, якія нібыта пацвярджалі факт працы выпускнікоў па размеркаванні. Асабіста вызначалі памеры сваёй матэрыяльнай узнагароды і спосабы яе пералічэння», — паведамляе пракуратура Мінска.

Крымінальная справа перададзена ў суд. Адзін абвінавачаны знаходзіцца пад вартай, другі — на волі пад асабістым паручальніцтвам.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!