Два замежнікі спрабавалі ўвезці ў Беларусь буйную суму грошай без дэкларавання

Два 45-гадовыя замежнікі ўязджалі ў Беларусь з Польшчы і не задэкларавалі больш за 75 тысяч долараў кожны. Беларускія мытнікі знайшлі грошы і распачалі крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 228 КК, паведамляе пракуратура Брэсцкай вобласці.

28 студзеня замежныя грамадзяне ўязджалі ў Беларусь на легкавым аўтамабілі. Пры запаўненні дэкларацыі яны ўказалі часовы ўвоз аўтамабіля і перамяшчэнне сабакі, але не задэкларавалі наяўныя грошы. Мытнікі знайшлі грошы ў асабістым багажы і ў аўтамабілі. Замежнікі патлумачылі, што не ведалі правілаў дэкларавання.

Грошы былі канфіскаваныя. Замежнікаў вызвалілі пад заклад у памеры 11 250 рублёў для кожнага з улікам таго, што ў іх на ўтрыманні знаходзіцца малалетняе дзіця.

Пакаранне паводле артыкула прадугледжвае штраф ад 300 да 5000 базавых велічынь, абмежаванне волі або пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!