Фото: ГКСЭ
У Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз расказалі пра абставіны жорсткага забойства ў Бабруйску. Яно было здзейснена вясной гэтага года.
2 красавіка ў Бабруйску пад мостам праз Беразіну школьнікі выявілі цела мужчыны ў крыві. На месца прыбыла следча-аператыўная група. Улікі ўказвалі на тое, што 51-гадовы бабруйчанін быў забіты.
“Устаноўлена, што вечарам 31 сакавіка двое сяброў, навучэнцы каледжаў, прыехалі на пустку пазаймацца спарынгам на нажах. У пэўны момант іх увагу прыцягнуў мужчына, які знаходзіўся пад мостам. Падышоўшы бліжэй, яны зразумелі, што перад імі таксікаман.
Адзін з іх прапанаваў другому разабрацца з мужчынам і дастаў з адзення кішэнны нож. Хлопцы нанеслі пацярпеламу некалькі удараў нажамі, збілі і, пакінуўшы, сышлі. Па дарозе яны пазбавіліся ад сваіх кішэнных нажоў, выкінуўшы іх у раку”, — расказалі ў ДКСЭ.
Ужо вынесены прысуд па справе, паведамілі ў СК. Вінаватымі ў забойстве прызнаны двое 16-гадовых падлеткаў. Магілёўскі абласны суд прызначыў ім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам 10 і 9 гадоў з адбываннем пакарання ў выхаваўчай калоніі. Прысуд суда не ўступіў у законную сілу.