Фото: Reform.by
Міністэрства абароны папярэдзіла, што з 11 лютага ўступае ў сілу ўказ № 5 ад 9 студзеня, якім уводзіцца адміністрацыйная працэдура «Выдача даведкі аб стаўленні да воінскага абавязку».
Такая даведка будзе неабходная для атрымання або замены пашпарта, вадзіцельскага пасведчання і дазволу на набыццё і захоўванне грамадзянскай зброі.
«Ваенныя камісарыяты і іх адасобленыя падраздзяленні будуць выдаваць даведку ўсім грамадзянам мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў бясплатна не пазней за адзін рабочы дзень», — паведамілі ў Мінабароны.
Там адзначылі, што даведка будзе выдавацца ўсім, хто асабіста звернецца ў ваенны камісарыят або яго адасобленае падраздзяленне па месцы жыхарства, незалежна ад таго, ці з’яўляюцца яны суб’ектамі воінскага абавязку.
«Мэта працэдуры — забяспечыць выкананне грамадзянамі воінскага абавязку і дасягнуць паўнаты і дакладнасці даных воінскага ўліку», — патлумачылі ў міністэрстве.