Дейвидас Матуленис. Фото: flickr.com/photos/internationaltransportforum/
Галоўны дарадца прэзідэнта Літвы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дэйвідас Матулёніс назваў састарэлым артыкул Politico пра ціск ЗША на Літву з мэтай адкрыць транзіт для беларускіх калійных угнаенняў. Ён быў апублікаваны на мінулым тыдні. Аднак, паводле слоў Матулёніса, выкладзеная ў ім інфармацыя састарэла на некалькі месяцаў.
«Мяне здзіўляе інфармацыя Politico: яна, відаць, шматмесячнай даўнасці. Кантакты былі некалькі месяцаў таму, была дыскусія з гэтай нагоды, пасля гэтага нічога не было», – сказаў ён сёння ў эфіры Žinių radijas.
Дарадца прэзідэнта Літвы адзначыў, што санкцыі павінны дзейнічаць як мінімум да лютага, калі адпаведнае пытанне будзе вырашацца ў рамках ЕС. Ён не стаў анансаваць пазіцыю Літвы на будучым галасаванні. Паводле яго слоў, перагляд рэжыму санкцый быў бы магчымы пры змяненні Беларуссю сваіх паводзін, асабліва ў частцы падтрымкі Расіі ў вайне супраць Украіны, але на гэты конт «у нас такіх ілюзій няма».