Дарадца Наўседы назваў транзіт беларускага калію праз Літву «маральным прыніжэннем»

Дарадца прэзідэнта Літвы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дэйвідас Матуленіс лічыць, што абыход санкцый Еўрасаюза па транзіце беларускага калію ў рамках здзелкі паміж ЗША і Беларуссю быў бы «маральным прыніжэннем».

«Любое парушэнне санкцый ЕС мела б маральны аспект разам з юрыдычным і фінансавым. […] Гэта было б свайго роду маральным прыніжэннем», — заявіў Матуленіс у эфіры LRT RADIO.

Матуленіс адзначыў, што транспарціроўка беларускага калію не абавязкова будзе праходзіць праз Клайпедскі порт, як гэта было да ўвядзення санкцый.

«Гэта пытанне паміж ЗША і Беларуссю. Калі транзіт і будзе, ён не абавязкова павінен праходзіць праз тэрыторыю Літвы, дык чаму нас павінны спецыяльна інфармаваць?» — заявіў ён.

Матуленіс прызнаў, што пытанне транзіту ўгнаенняў абмяркоўвалася як раней, так і падчас нядаўняга візіту Джона Коўла у Вільнюс, але ЗША не аказвалі ціску на Літву.

«Хачу запэўніць, што гэта не было формай ціску. Было заяўлена, што для ЗША гэта было б карысна, і паўстала пытанне аб тым, як мы адрэагуем», — заявіў дарадца літоўскага прэзідэнта.

«Мы не хацелі б, каб амерыканцы перавозілі калійныя ўгнаенні праз Расію, паколькі гэта забяспечыла б дадатковыя даходы расійскай ваеннай машыне. Амерыканцы размаўляюць не толькі з намі, але і з іншымі краінамі рэгіёна, аднак пакуль мы ўсе трымаемся разам, і я не бачу саступак ні з нашага боку, ні з боку іншых суседніх краін», — адзначыў Матуленіс.

Матуленіс таксама лічыць, што калі сур’ёзныя перамовы паміж ЗША і Беларуссю сапраўды вядуцца, іх дэталі маглі не разгалошвацца публічна. Ён таксама выказаў здагадку, што Расія магла перасцерагчы Беларусь ад наладжвання больш цесных сувязяў з Вашынгтонам.

Паводле слоў Матуленіса, Літва вітала б спробы ЗША знізіць залежнасць Беларусі ад Расіі. Пры гэтым ён адзначыў, што дабіцца гэтага будзе складана.

«Калі амерыканцам удасца адцягнуць Беларусь ад Расіі, гэта, вядома, стане карэннай зменай, і мы жадаем ім поспеху. Але мы бачым, што гэта складана», — сказаў дарадца прэзідэнта Літвы.

Матуленіс таксама абверг здагадкі пра тое, што вяртанне амерыканскіх войскаў у Літву звязана з магчымым аднаўленнем транзіту беларускага калію.

Раней міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заяўляў, што транзіт беларускага калію праз Літву немагчымы з-за дзеяння санкцый ЕС. Пры гэтым некаторыя літоўскія палітыкі выступаюць за аднаўленне перавозак беларускіх угнаенняў праз Літву, каб на транзіце не зарабляла Расія.