Два літоўскія палітыкі выказаліся ў падтрымку аднаўлення транзіту беларускага калію

Прэзідэнт і ўрад Літвы адхіляюць магчымасць аднаўлення транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз краіну. Аднак некаторыя літоўскія палітыкі лічаць, што пытанне можна было б разгледзець. Яны апелююць да таго, што цяпер на транзіце зарабляе Расія.

«Я з тых, хто лічыў бы, што рашэнне заблакаваць перавозку ўгнаенняў было не зусім абгрунтаваным. Цяпер большая частка ўгнаенняў перавозіцца праз порт Усць-Луга, які знаходзіцца ў Расіі. Расія забірае частку грошай за перавозку. Пытанне, ці стратэгічна гэта абгрунтаванае рашэнне», — заявіў LRT еўрадэпутат і ганаровы старшыня сацыял-дэмакратаў Віцяніс Андрукайціс.

Трэба адзначыць, што Андрукайціс ужо выказваўся падобным чынам некалькі месяцаў таму, калі ўпершыню з’явіліся публікацыі пра ціск з боку ЗША наконт перагляду санкцый.

Андрукайціс таксама падтрымлівае схему, пры якой, акрамя транзіту беларускіх угнаенняў, будуць забяспечаныя і перавозкі ўкраінскага збожжа праз Беларусь і Літву.

«Экспарт збожжа Украіны праз Чорнае мора моцна абмежаваны. Аляксандр Лукашэнка гучна заявіў, што ён ні з кім ваяваць не будзе. Магчыма, можна было б у кантэксце ЕС падумаць, каб транзіт збожжа Украіны праз Беларусь быў разблакаваны, і Украіна магла б сваё збожжа перавозіць праз Клайпедскі порт. Гэта была б для іх вялікая падтрымка. Калі мы думаем, што можна было б лічыць А. Лукашэнку ў такім хісткім становішчы, не цалкам прывязаным да У. Пуціна, то ў гэтым кантэксце можна дыскутаваць пра транзіт пры ўмове, што транзіт украінскага збожжа ішоў бы праз Беларусь і Клайпедскі порт», — сказаў ён.

«Якую выгаду атрымлівае Пуцін ад перавозкі ўгнаенняў праз Усць-Лугу? Давайце пакладзём на стол лічбы. Крычым, што не хочам дапамагаць Пуціну, але пры гэтым робім усё, каб яго порт грузіў беларускія ўгнаенні. Рашэнне, прынятае раней кансерватарамі і пры галасаванні на еўрапейскім узроўні за (увядзенне санкцый супраць беларускіх угнаенняў), без узважвання ўсіх наступстваў для Клайпедскага порта і эканомікі Літвы, не было самым разумным. Такі “ўра-патрыятызм” тут менш за ўсё патрэбны. Тут патрэбныя хітрасць, дыпламатычная мудрасць і разуменне таго, якія стратэгічныя рэчы тут можна выкарыстаць. Асабліва ў кантэксце дапамогі Украіне», — дадаў Андрукайціс.

Ён таксама сумняваецца, што санкцыі ўвогуле можна прымяняць да ўгнаенняў, бо гэта ўплывае на харчовую бяспеку.

Яшчэ адзін еўрадэпутат, лідар партыі Саюз літоўскіх сялян і зялёных Аўрэліюс Верыга, мае падобную пазіцыю.

«Калі мы хочам такім чынам прадэманстраваць палітычную пазіцыю, гэта адно пытанне. Тады логіка зразумелая, у нас падобныя санкцыі для Расіі і Беларусі. Але калі адна з галоўных мэт санкцый — аслабіць Расію, не даць ёй зарабляць, тады трэба глядзець, ці не стварае забарона перавозкі беларускіх угнаенняў транзітам праз Літву эфект, што Расія на гэтым зарабляе. Гэтага мы менш за ўсё хочам, каб яна гэтымі грашыма фінансавала вайну ва Украіне», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, важней не даць зарабіць Расіі і з гэтых грошай фінансаваць вайну ва Украіне.