Сергей Бескрестнов. Фото: facebook.com/Serhii.Flash
Дарадца міністра абароны Украіны Сяргей Бяскроснаў заявіў, што беларускія мабільныя аператары забяспечваюць роўмінг для расійскіх дронаў-камікадзэ, якія атакуюць Украіну.
Паводле яго слоў, кожны «шахед» абсталёўваецца SIM-картай расійскага аператара “Теле2”, партыі якіх спецыяльна заказваюцца і пастаўляюцца вытворцам дронаў. Ва Украіне роўмінг для гэтых карт заблакаваны, аднак уздоўж беларускай мяжы дроны атрымліваюць сувязь ад беларускіх аператараў.
“У Расіі ёсць некалькі аператараў мабільнай сувязі, але ёсць адзін, якога наш праціўнік максімальна выкарыстоўвае для тэрору ва Украіне. Гэты аператар называецца «Теле2» (зараз T2). У кожным шахедзе ўстаноўлена SIM-карта «Теле2». Партыі гэтых SIM-карт спецыяльна заказваюцца аператарам і пастаўляюцца вытворцам шахедаў”, — напісаў ён у Facebook.
Аналагічная сітуацыя назіраецца паблізу польскай і румынскай межаў, заявіў ён.
“Ва Украіне роўмінг для SIM-карт аператара «Теле2» на «Шахедах» заблакаваны, але ўздоўж межаў «Шахеды» атрымліваюць паслугі роўмінгу, напрыклад, ад беларускіх аператараў. Таксама SIM-карты могуць працаваць у роўмінгу ад польскіх або румынскіх аператараў, пралятаючы ўздоўж межаў з гэтымі краінамі. Я не выключаю верагоднасці таго, што SIM-карты гэтага ж аператара выкарыстоўваюцца для кіравання загадкавымі БПЛА, якія з’яўляюцца ў розных краінах Еўропы”, — адзначыў дарадца.
Бяскроснаў заклікаў аператараў сувязі ўсяго цывілізаванага свету разарваць роўмінгавыя дамовы з “Теле2”.
«Гаворка ідзе пра дамовы роўмінгу і міжнародны інтэрканект. “Теле2” павінен стаць лакальным унутраным расійскім тэлекамунікацыйным аператарам», — заявіў ён.