Фонд BYSOL абвясціў збор для мамы спявачкі і тэлевядучай Кацярыны Ваданосавай, якая пацярпела ад інсульту. Сродкі пойдуць на закрыццё медыцынскіх рахункаў і арганізацыю пахавання.
23 снежня Нэлі Ваданосавай стала дрэнна ў ваннай, яна ўпала. На хуткай яе адвезлі ў бальніцу, дзе высветлілася, што ў жанчыны інсульт. Ёй правялі аперацыю і дасталі тромб праз сасуд.
«Але цуду не адбылося. Палова яе мозгу залітая крывёю. Гэта незваротна», — кажа Кацярына. Зараз жанчына падключаная да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх і іншых сістэм жыццезабеспячэння.
З-за бюракратычнай памылкі Нэлі Ваданосава засталася без страхоўкі: Упраўленне па справах замежнікаў не ўнесла яе ў базу застрахаваных.
«Я не ведаю, ці змагу дамагчыся яе забеспячэння. Я не ведаю, ці будзе яна жывая да панядзелка. Рахунак за аперацыю і іншыя медыцынскія маніпуляцыі — ад дзясяткаў да сотняў тысяч злотых. Дакладнай сумы я пакуль не ведаю, але парадак лічбаў менавіта такі. І мне трэба рыхтавацца да развітання», — кажа Кацярына.
Сума збору — 15 тысяч еўра. Частка сродкаў пойдзе на кампенсацыю медыцынскіх выдаткаў (дыягностыка, аперацыя, рэанімацыя і ШВЛ), частка — на арганізацыю пахавання.
Кацярына абяцае перанакіраваць нявыкарыстаныя грошы на іншыя зборы BYSOL, калі ўдасца часткова або цалкам пакрыць выдаткі праз сістэму медыцынскага страхавання.
Год таму Нэлі Ваданосава перанесла інфаркт, калі ў Беларусі да яе прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Пасля гэтага ёй удалося зрабіць літоўскую візу. Жанчына выехала ў Польшчу, дзе жыве Кацярына з сям’ёй, і падалася на міжнародную абарону. Польшча адмовіла ў наданні міжнароднай абароны з-за наяўнасці літоўскай візы. Суд пастанавіў дэпартаваць яе ў Літву, але гэта рашэнне ўдалося абскардзіць.