Фото: t.me/VadymFilashkin
Святлана Ціханоўская пракаментавала расійскія ўдары па ўкраінскіх гарадах, заявіўшы пра неабходнасць узмацніць ціск на Расію і падтрымку Украіны.
«Расія ў чарговы раз падвергла тэрору ўкраінскія гарады. Загінулі як мінімум 32 чалавекі, у тым ліку дзеці. Кіеў стаў горадам на лініі фронту. Наступнымі могуць стаць іншыя еўрапейскія гарады», – напісала лідарка дэмсіл у X.
«Неабходна ўзмацніць ціск на Расію і аказаць Украіне больш падтрымкі, каб яна магла абараніць сваю паветраную прастору і атрымаць перамогу», – дадала яна.
Нагадаем, раніцай 8 кастрычніка расійскі ўдар па Краматорску Данецкай вобласці прыйшоўся па двух рэйсавых аўтобусах. Паводле даных кіраўніка Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Вадзіма Філашкіна, у горадзе загінулі 30 чалавек і яшчэ 20 атрымалі раненні. У Беленькім загінулі яшчэ 3 чалавекі.
Паводле інфармацыі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, толькі за апошнія дні ў выніку расійскіх удараў па Прылуках, Краматорску, Кіеве і іншых украінскіх гарадах загінулі 78 і былі параненыя 215 чалавек.