Ціханоўская заклікала ЕС захоўваць санкцыі: Дыктатары разумеюць толькі мову сілы

Святлана Ціханоўская 29 верасня выступіла ў Еўрапарламенце на другім Форуме парламенцкай дэмакратыі ЕС (EU Parliamentary Democracy Forum), арганізаваным прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Метсолай. У форуме ўдзельнічаюць дэпутаты нацыянальных парламентаў, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і міжнародных арганізацый, паведамляе Офіс Ціханоўскай.

У сваім выступленні Ціханоўская гаварыла пра пагрозы дэмакратыі, замежнае ўмяшанне і дэзінфармацыю, ролю грамадзянскай супольнасці, падтрымку Украіны і дэмакратычных сіл Беларусі.

Лідарка беларускіх дэмсіл заклікала еўрапейскія краіны захоўваць санкцыі супраць Расіі і рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а таксама працягваць падтрымліваць Украіну.

«Я ведаю, што часам узнікае спакуса дамовіцца з дыктатарамі — Пуціным, Лукашэнкам і іншымі. Але дыктатары ўспрымаюць слабасць як запрашэнне. У нас не павінна быць ілюзій. Дыктатары разумеюць толькі мову сілы. І дэмакратыі павінны быць гатовыя паказаць зубы.

Мы павінны захаваць санкцыі супраць Расіі і Лукашэнкі. Але адначасова з гэтым — умацоўваць грамадства. Адной толькі ваеннай сілы недастаткова. Патрэбныя людзі, гатовыя абараняць свае каштоўнасці», — заявіла Ціханоўская.

Ціханоўская заклікала еўрапейскія дэмакратыі не ўспрымаць свабоду як дадзенасць і працягваць умацоўваць грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя інстытуты.

Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай