Ціханоўская выказала надзею, што Чэхія працягне крокі па падтрымцы беларусаў

Святлана Ціханоўская падзякавала прэм’ер-міністру Чэхіі Андрэю Бабішу за нядаўняе змякчэнне візавых абмежаванняў для сваякоў беларусаў, якія пражываюць у краіне. Сустрэча адбылася на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне.

Палітык выказала надзею, што чэшскія ўлады працягнуць прымаць меры па падтрымцы беларусаў. Яна таксама адзначыла працу Міністэрства замежных спраў Чэхіі і кіраўніка ведамства Петра Мацінкі, які падтрымлівае беларусаў і нядаўна наведаў Офіс беларускіх дэмакратычных сіл.

Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі дзейнасць Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе, перспектывы далейшага супрацоўніцтва з Чэхіяй і сітуацыю ў рэгіёне.

«Я вельмі ўдзячная Чэхіі, дзе добра разумеюць нашу беларускую сітуацыю. Чэхі самі прайшлі шлях ад дыктатуры да дэмакратыі. Ім не трэба тлумачыць, чаму для нас так важныя свабода і незалежнасць. Чэхія падтрымлівае беларусаў не першы год, і мы вельмі цэнім гэтую прынцыповую пазіцыю. Свабодная Беларусь таксама адпавядае інтарэсам Чэхіі і ўсяго Еўрапейскага саюза», – заявіла Ціханоўская.