Чэхія змякчыла візавыя абмежаванні для сваякоў беларусаў

Урад Чэхіі ўхваліў змены, якія дазволяць блізкім сваякам грамадзян Беларусі, якія легальна пражываюць у краіне, падавацца на кароткатэрміновыя візы, паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.

Пасля ўступлення змен у сілу падаць заявы на кароткатэрміновыя візы змогуць бацькі, бабулі і дзядулі, дзеці і ўнукі грамадзян Чэхіі і грамадзян Беларусі, якія легальна жывуць у Чэхіі на падставе пастаяннага або часовага віду на жыхарства.

Дырэктар Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі Крысціна Шыянок заявіла, што дэмсілы будуць высвятляць, ці распаўсюджваюцца змены на сваякоў беларусаў, якія маюць міжнародную абарону ў Чэхіі.

«Гэта надзвычай важны крок і відавочны сігнал даверу да беларускай дэмакратычнай супольнасці. Для соцень сем’яў, разлучаных у выніку рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, гэта вяртае надзею і рэальную магчымасць сустрэцца са сваімі блізкімі», — заявіла Шыянок.

Пытанні аб змякчэнні візавых правілаў неаднаразова ўздымаў Офіс Ціханоўскай на сустрэчах з чэшскімі палітыкамі.