Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком МЗС Украіны
Рэдакцыя Reform.news · 13 кастрычніка 2026, 16:57
https://reform.news/be/cihano-skaja-sustrjelasja-z-kira-nikom-mzs-ukrainy/(абноўлена) Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам. Сустрэча адбылася 13 кастрычніка падчас Варшаўскага форуму па бяспецы, паведамляе Офіс Ціханоўскай.
Учора на сустрэчы з кіраўніком МЗС Латвіі Байбай Бражэ Сібіга ўзняў тэму Беларусі. Ён заявіў, што рэжым Лукашэнкі ўяўляе ўсё большую пагрозу для Еўропы. Бакі абмеркавалі крокі па ўзмацненні ціску на Мінск.
У сустрэчы таксама ўдзельнічалі намеснік кіраўніка АПК Павел Латушка, галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка і дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі.
Ціханоўская выказала салідарнасць з украінскім народам на фоне расійскіх ракетных і дронавых атак, а таксама падзякавала Украіне за падтрымку беларускіх добраахвотнікаў, у тым ліку новага беларускага падраздзялення БПЛА «Воля». Таксама яна падзякавала за заканадаўчыя прапановы Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны, накіраваныя на тое, каб замежнікі, у тым ліку беларусы, маглі ўрэгуляваць сваё знаходжанне ў краіне пры наяўнасці пратэрмінаваных дакументаў.
Кіраўніца АПК асобна адзначыла працу пасла па асаблівых даручэннях па Беларусі Яраслава Чарнагора. Ціханоўская падзякавала ўкраінскаму боку за падтрымку Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве і абмеркавала магчымасці ўмацавання статусу Місіі і яе супрацоўніцтва з украінскімі дзяржаўнымі інстытутамі.
У сферы бяспекі бакі абмеркавалі ўзмацненне расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі і выкарыстанне беларускай інфраструктуры для расійскай агрэсіі супраць Украіны. Беларуская дэлегацыя прадставіла матэрыялы BELPOL і расказала пра кампанію супраць вярбоўкі беларусаў у расійскую армію.
У санкцыйнай сферы гаворка ішла пра каардынацыю дзеянняў Украіны, Еўрасаюза і беларускіх дэмакратычных сіл, а таксама пра новыя прапановы па абмежавальных мерах супраць прадпрыемстваў і фізічных асоб, якія садзейнічаюць расійскай агрэсіі.
Акрамя таго, бакі закранулі дакументаванне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку яго меркаванага саўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны і незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей. Яны абмеркавалі падтрымку міжнародных механізмаў правасуддзя, уключаючы справу, ініцыяваную Літвой у Міжнародным крымінальным судзе.
«Украіна сёння змагаецца не толькі за сваю свабоду, але і за бяспеку ўсёй Еўропы. Беларусы на баку Украіны — нашы добраахвотнікі ваююць на фронце, нашы валанцёры дапамагаюць, а беларускія дэмакратычныя сілы працуюць, каб спыніць выкарыстанне нашай краіны для расійскай агрэсіі. Мы хочам, каб супрацоўніцтва паміж Украінай і дэмакратычнай Беларуссю было пастаянным і сістэмным. Бо свабодная, незалежная ад Расіі Беларусь — гэта не толькі наша мэта, але і стратэгічны інтарэс Украіны», – заявіла Ціханоўская.
