Ціханоўская: Перамены ў Беларусі — пытанне часу

Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці канферэнцыі «Новая Беларусь», якая праходзіць у Варшаве 8-9 жніўня.

Ціханоўская адзначыла, што 2020 год змяніў беларускае грамадства і запусціў працэсы, якія немагчыма адмяніць.

«Мы сталі іншымі. Так, мы не перамаглі тады. Але нельга сказаць, што мы прайгралі. 2020-ты запусціў працэсы, якія немагчыма адмяніць. А для рэжыму ён стаў такой траўмай, ад якой той не можа ачуняць і сёння», — адзначыла Ціханоўская.

Кіраўніца АПК упэўненая, што беларусы зноў праявяць сябе, калі з’явіцца магчымасць.

«У нас, беларусаў, ёсць суперсіла — выжываць у самых неспрыяльных умовах. Такая беларуская партызанская душа. Калі трэба — умеем затаіцца. А калі надыходзіць момант — умеем праявіць сябе так, што здзіўляецца ўвесь свет. І я ўпэўненая: калі з’явіцца новая магчымасць, мы зноў праявім сябе», — лічыць Ціханоўская.

Яна адзначыла, што за апошні год вакол Беларусі з’явілася новая дынаміка: на волю выйшлі некалькі вядомых палітвязняў, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыняў дэлегацыю беларускіх дэмсіл у Кіеве, у Гаазе пачалося расследаванне па злачынствах рэжыму.

«Гэта ўсё не адбылося само сабой. Усё гэта — вынік нашай з вамі працы. Працы праваабаронцаў, журналістаў, палітыкаў, актывістаў, валанцёраў і, вядома, нашых замежных сяброў. І я ўпэўненая: мы можам яшчэ больш», — адзначыла палітык.

Ціханоўская лічыць перамены ў Беларусі пытаннем часу.

«Мы можам паўплываць на стварэнне новага акна магчымасцей — і быць гатовымі ім скарыстацца. Таму што перамены ў Беларусі — гэта пытанне часу. Як бы ні фоташопілі Лукашэнку на БелТА, яго час непазбежна сыходзіць. Ці будуць гэта натуральныя прычыны, раскол у сістэме, або нешта, чаго сёння ніхто з нас не можа прадбачыць, — мы не ведаем», — заявіла Ціханоўская.

Ціханоўская заклікала беларусаў унутры краіны не губляць веру, захоўваць сувязі і дапамагаць адно аднаму, а беларусаў за мяжой — быць актыўнымі.

«Часам я размаўляю з палітыкамі — нават тут, у Польшчы, — пра легалізацыю, дакументы, падтрымку беларусаў. І часта чую, што беларусаў за мяжой проста не відаць. Дык давайце рабіць так, каб нас бачылі», — заклікала кіраўніца АПК.

«Я вельмі хачу, каб з 2020-га ў 2026-ты мы забралі з сабой галоўнае. Тое неверагоднае адчуванне адзінства. Яно рабіла нас моцнымі. Падтрымлівайце адно аднаго. Асабліва тых, хто толькі выйшаў з турмы. Тых, хто апынуўся ў выгнанні. Тых, хто пачынае жыццё з нуля», — заявіла Ціханоўская.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!