Фото: t.me/viasna96
Святлана Ціханоўская павіншавала праваабарончую арганізацыю «Вясна» з 30-годдзем і выказала падзяку ўсім, хто на працягу трох дзесяцігоддзяў абараняе правы беларусаў.
«30 гадоў таму гэтая арганізацыя з’явілася, бо нехта павінен быў застацца на баку чалавека, калі дзяржава ад гэтай ролі адмовілася. На жаль, за ўсе гэтыя гады дзяржава так і не вярнулася на бок людзей. Затое «Вясна» ніколі яго не пакідала.
Сёння за праваабарончую дзейнасць у Беларусі людзі плацяць свабодай. Яны рызыкуюць усім, каб фіксаваць праўду і абараняць тых, каму патрэбна дапамога. Немагчыма ацаніць уклад, які «Вясна» ўжо зрабіла і працягвае рабіць у жыцці тысяч беларусаў і беларусак», — напісала лідар дэмсіл.
Яна адзначыла, што некалькі дзён таму наведала цырымонію, прысвечаную юбілею арганізацыі, і ўбачыла новыя твары сярод праваабаронцаў, юрыстаў і валанцёраў. Ціханоўская выказала шкадаванне, што многім з іх даводзіцца дзейнічаць ананімна і яны не могуць атрымаць заслужанага грамадскага прызнання.
“Але ведайце: мы бязмерна вам удзячныя. Менавіта дзякуючы вам «Вясна» застаецца сімвалам сумлення і падтрымкі”, — падкрэсліла палітык.
Ціханоўская асабліва адзначыла вяртанне да праваабарончай дзейнасці тых, хто быў асуджаны ў Беларусі і выйшаў на свабоду: Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Алеся Бяляцкага, Марфу Рабкову, Насту Лойку, Леаніда Судаленку і Андрэя Чапюка.
«Дзякуй кожнаму і кожнай з вас за гэтыя 30 гадоў. Без людзей, якія аддана абараняюць іншых, немагчыма пабудаваць нармальную будучыню. Пакуль у краіне папіраюцца правы чалавека і пануе беззаконне, мы будзем працягваць гэтую працу — разам», — рэзюмавала яна.