Ціханоўская: Памяць пра вайну павінна берагчы жыццё, а не прывучаць дзяцей да вайсковай формы

Памяць пра вайну павінна нагадваць пра каштоўнасць жыцця, а не прывучаць дзяцей да вайсковай формы і нармалізаваць гвалт. Пра гэта заявіла ў сваім звароце да беларусаў з нагоды Дня Перамогі Святлана Ціханоўская.

«9 траўня — дзень памяці. Дзень, калі мы ўспамінаем тых, хто перамог нацызм у Другой сусветнай вайне, і тых, хто не вярнуўся дадому. У Беларусі няма сям’і, якую б вайна абмінула. Мы памятаем гэты подзвіг, і менавіта таму асабліва балюча бачыць, як памяць пра гэтую жахлівую вайну выкарыстоўваюць як прапагандысцкі інструмент, каб апраўдаць новую.

Сэнс гэтай даты не ў парадах і ваеннай тэхніцы на вуліцах. Нашыя дзяды і прадзеды хацелі, каб іх дзеці і ўнукі жылі звычайнае, мірнае жыццё. Хадзілі ў школу, кахалі, працавалі, будавалі свае сем’і. Яны дакладна не змагаліся за тое, каб беларуская зямля станавілася пляцоўкай для чужой агрэсіі, каб тут стаялі чужыя войскі, а з нашай краіны рабілі крыніцу пагрозы. Беларусь заўсёды была і павінна заставацца краінай, якая не пагражае суседзям і не дазваляе выкарыстоўваць сябе супраць іншых.

Сёння побач з намі Украіна зноў плаціць страшную цану за мір — за права жыць на сваёй зямлі, размаўляць на сваёй мове, будаваць сваё ўласнае жыццё. Мы бачым, як вайна забірае жыцці, разбурае дамы, разлучае сем’і.

I менавіта таму памяць пра вайну павінна нагадваць нам берагчы жыццё, а не прывучаць дзяцей да ваеннай формы, захапляць зброяй і нармалізаваць гвалт. Памяць павінна вучыць адказнасці. Вучыць спачуванню, сумленнасці, павазе да чалавека і да суседзяў. Вучыць простаму: вайна — гэта трагедыя, а мір — гэта тое, што трэба будаваць разам.

Сёння я схіляю галаву перад усімі героямі, перад загінулымі і ахвярамі гэтай вайны. І вельмі хачу, каб лепшай памяццю пра іх стала Беларусь, у якой чалавечае жыццё — найвышэйшая каштоўнасць», — заявіла яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!