Фото: Офис Тихановской
Святлана Ціханоўская пракаментавала заяву Аляксандра Лукашэнкі, які сказаў, што затрыманні людзей у Беларусі працягнуцца. Яна заявіла, што мэта дэмсіл — не толькі дамагчыся вызвалення палітвязняў, але і спыніць рэпрэсіі ў Беларусі.
«Лукашэнка заявіў, што нават калі палітвязняў будзе ў пяць ці ў дзесяць разоў больш, чым ён «выпускае на свабоду», яны ўсё роўна будуць сядзець.
Гэта рэакцыя на зразумелыя патрабаванні амерыканскага боку спыніць затрыманні і спыніць новыя рэпрэсіі, пакуль ідзе працэс па вызваленні людзей», — заявіла Ціханоўская.
Лідар беларускіх дэмсіл звярнула ўвагу, што ўлады сталі хаваць інфармацыю пра новыя затрыманні і праваабаронцам становіцца ўсё цяжэй даведвацца пра факты новых рэпрэсій.
«Мы неверагодна цэнім намаганні Джона Коўла і ўсёй амерыканскай адміністрацыі ў гэтым працэсе. Разумеем, як ім няпроста вызваляць людзей.
Але і пытанні амерыканскага боку вельмі актуальныя. Рэпрэсіі працягваюцца і пры гэтым рэжым спрабуе іх схаваць. Нашым праваабаронцам усё складаней здабываць інфармацыю, чаты для сваякоў прызналі экстрэмісцкімі, многія людзі асцерагаюцца паведамляць пра затрыманне іх родных», — сказала Ціханоўская.
Яна падкрэсліла, што беларускія дэмсілы працягнуць дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій.
«Нягледзячы ні на што, мы і далей будзем імкнуцца максімальна інфармаваць ЗША і Еўрасаюз пра рэальную сітуацыю ўнутры. І як бы Лукашэнка гэтага ні хацеў, мы будзем дамагацца не толькі вызвалення абсалютна ўсіх палітычных зняволеных, але і спынення рэпрэсіўнай машыны ў будучыні», — заявіла Ціханоўская.
Нагадаем, 19 лістапада Лукашэнка заявіў, што пытанне пра новыя затрыманні для папаўнення «абменнага фонду» ўзняў амерыканскі бок. Ён заявіў, што затрыманні працягнуцца, нават калі новых затрыманых будзе ў 5 і 10 разоў больш, чым вызваленых.
«Такая тэма амерыканцамі ўзнята перада мной, на што я ім жорстка адказаў, проста рэзка: «Закон парушаць — будуць сядзець». Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе тых, каго мы табе тут аддалі, адпусцілі па просьбе Трампа — сядзець будуць!» — заявіў ён.